Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BBC: меркаваная дачка Пуціна пабудуе мэдычны цэнтар з беспрэцэдэнтнымі інвэстыцыямі


Уладзімір Пуцін

Расейская служба BBC апублікавала расьсьледаваньне, згодна зь якім Марыя Варанцова зьяўляецца акцыянэрам «Новай мэдычнай кампаніі» («Номеко), якая стаіць за будаўніцтвам шматфункцыянальнага мэдычнага комплексу ў Ленінградзкай вобласьці. Яго кошт ацэньваецца ў 40 мільярдаў рублёў.

У расьсьледаваньні гаворыцца, што мэдычны комплекс ахопіць 200 тысяч квадратных мэтраў і зможа прымаць 20 тысяч пацыентаў на год. Комплекс павінен стаць «сучасным анкалягічным цэнтрам эўрапейскага ўзроўню». Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка гаварыў, што ў будаўніцтва мэдычнага комплексу будуць укладзеныя «беспрэцэдэнтныя» для Расеі інвэстыцыі ад прыватнага бізнэсу.

У 2016 годзе выданьне The New Times паведаміла, што Марыя Варанцова — старэйшая дачка прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. BBC гэтую інфармацыю пацьвердзіў знаёмы сям’і.

The New Times пісала, што Варанцова ў 2006-2011 гадах вучылася на факультэце фундамэнтальнай мэдыцыны ў МДУ, абараніла дысэртацыю па эндакрыналёгіі і займаецца дасьледаваньнямі дыябэту. Яна замужам (ці была замужам) за грамадзянінам Нідэрляндаў Фаасенам і нарадзіла дачку.

Пра малодшую дачку Пуціна Кацярыну Ціханаву і яе фонд «Иннопрактика» стала вядома ў студзені 2015 году, праз публікацыю расьсьледаваньня РБК «Хто стаіць за пашырэньнем МДУ». У матэрыяле адзначалася, што над канцэпцыяй стварэньня навукова-тэхналягічнай даліны МДУ разам з групай з 80 экспэртаў працуе фонд «Иннопрактика». Яго дырэктар, 29-гадовая Кацярына Ціханава, «разам з навуковымі дзеячамі і прадстаўнікамі бізнэсу» уваходзіць у працоўную групу МДУ, якая займаецца прапрацоўкай дэталяў канцэпцыі даліны.

У расьсьледаваньні РБК Ціханава нідзе ня згадвалася як магчымая дачка Пуціна. Толькі на наступны дзень пасьля публікацыі РБК расейскі журналіст Алег Кашын заявіў, што Кацярына Ціханава — дачка прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Кашын выказаў здагадку, што псэўданім «Ціханава» зьвязаны з імем па бацьку бабулі Кацярыны — Кацярыны Ціханаўны Шкрэбневай. У гэты ж дзень неназваная крыніца агенцтва Reuters, блізкая да МДУ, паведаміў, што Кацярына Ціханава зьяўляецца дачкой прэзыдэнта Расеі. Пра гэта ж напісала і агенцтва Bloomberg ужо са спасылкай адразу на чатыры ананімныя крыніцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG