Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гарары — шарлятан». І справа ня ў Пуціну, бо гэта «пусьцячок»


Пётра Рудкоўскі і Юваль Гарары
Пётра Рудкоўскі і Юваль Гарары

Імя ізраільскага гісторыка, аўтара бэстсэлераў «Sapiens» i «Homo deus», стала сёньня тэмай спрэчак у сацыяльных сетках. Але прычына ня ў новай кнізе, якой пакуль няма, а ў старой.

Высьветлілася, што ў расейскамоўным перакладзе «21 урока для ХХІ стагодзьдзя», прэм'ера якой адбылася яшчэ летась, выдаўцы замянілі некалькі абзацаў, якія тычацца анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе, а ў іншым месцы Ўладзіміра Пуціна замянілі на Дональда Трампа. Нюанс у тым, што сам Гарары ня меў нічога супраць. Чытачы цяпер спрачаюцца, ці этычна гэта. А некаторыя пайшлі далей і скарысталіся нагодай, каб прыгадаць і іншыя «заслугі» Гарары.

Філёзаф, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётра Рудкоўскі, у сваім фэйсбук-допісе назваў усясьветна вядомага гісторыка шарлятанам і зьвязаў гэтую ацэнку зусім ня з Пуціным або Крымам. Свае матывы ён патлумачыў у інтэрвію Свабодзе.

Пётра Рудкоўскі
Пётра Рудкоўскі

— Пётра, я, канечне, мог бы працытаваць ваш допіс, але гэта быў бы капітальны спойлер, які здымае патрэбу ў такой гутарцы. Таму давайце па чарзе. Ці абурылі вас такія паводзіны Гарары, які, пішучы пра постпраўду, сам, на маю думку, прыклаў да яе руку, пагадзіўшыся на цэнзуру кнігі? Вы назвалі гэта «пусьцячком».​

— Называньне гэтага «пусьцячком» было правакацыяй, каб зьвярнуць увагу на больш сур’ёзныя рэчы, а менавіта — на пасыл і зьмест кніг Гарары. Хутчэй, апошняй кнігі, дзе гаворыцца, што няма чалавечай свабоды. Паводле яго, гэта проста фікцыя. Калі ж падыходзіць да справы сур’ёзна, то і справу замены Пуціна на Трампа нельга назваць «пусьцячком». Але гэта практычнае наступства тэорыі, выкладзенай у ягоных кнігах. Бо калі няма свабоды, то і свабода слова — гэта фікцыя. Адпаведна, і паводзіны Гарары вельмі лягічныя. Бо навошта абараняць фікцыю?

Днямі ў Расеі забілі актывістку за тое, што яна трымала расьцяжку «Аддай тое, што ўзяў», «Крым — украінскі». Яе забілі за свабоду слова і прызнаньне Крыма ўкраінскім. І на фоне ўсяго гэтага мы маем сытуацыю, калі Юваль Гарары мяняе крытыку Пуціна ў зьвязку з анэксіяй Крыму на крытыку Трампа і пазьней яшчэ абгрунтоўвае гэта такім чынам, што ён хацеў, каб яго ідэі загучалі ў Расеі, і таму пайшоў на такі кампраміс. Але гэты кампраміс проста кампрамэтуе ўвесь магчымы пасыл, калі б нехта яшчэ мог паверыць, што ён выступае ў абарону свабоды.

— А ці ня варта часам ахвяраваць часткай свабоды слова, каб здабыць больш? Я сустракаў сёньня думкі, што ад замены імёнаў Пуціна на Трампа зьмянілася, па сутнасьці, няшмат. А дзякуючы такой вось, нібыта, драбязе Гарары змог данесьці сотні іншых сваіх думак, у тым ліку і да чытачоў у Беларусі?

— Гарары прапаведуе антылібэральныя ідэі. На маё вялікае зьдзіўленьне, у заходнім сьвеце ягоныя ідэі ўспрымаюцца чамусьці як даніна лібэральнай думцы. Гэта чысьцюткай вады антылібэральная філязофія. І што значыць тады пайсьці на кампраміс, каб у Расеі загучалі яго ідэі? Каб у Расеі змаглі яшчэ больш упэўніцца ў гэтым антылібэральным кірунку? Вы гэта маеце на ўвазе? Тады тут, наадварот, згода тэорыі і практыкі ў дадзеным выпадку. Тое, што чалавек прапаведуе ў сваёй кнізе, ён яшчэ пацьвердзіў і сваім учынкам.

Гэта ня так, як 15 гадоў таму, калі выйшла кніга Натана Шчаранскага ў абарону свабоды. У ёй ён прасоўваў лібэральныя каштоўнасьці, свабоду як асноўную каштоўнасьць чалавека. У Расеі гэтая кніга не была добра ўспрынятая. Ці мог пайсьці на нейкі кампраміс Натан Шчаранскі? Магчыма, і мог бы, але гэта была б зусім іншая сытуацыя. Для таго каб яшчэ гучней заявіць у Расеі пра каштоўнасьць свабоды, не на любы, але на нейкі кампраміс можна пайсьці. Але Гарары не прапаведуе нейкую альтэрнатыўную пуцінізму мадэль. Ён прапаведуе, што праз 50 гадоў штучны інтэлект завалодае чалавецтвам. Але што гэта за такая вызвольная ідэя? Ён выцягвае нейкія старыя аргумэнты, што чалавечая гісторыя ці эвалюцыя мае пэўныя законы і што няма чалавечай свабоды, няма магчымасьці вызваліцца з-пад гэтых законаў. Адпаведна, хочам ці не, але мы набліжаемся да такога пункту поўнай страты нашай чалавечай сутнасьці.

— А можа, ён проста палохае людзей пагрозай страты свабоды? У ягонай першай кнізе «Sapiens» ёсьць такія словы: «У рэальнасьці няма багоў, нацый і карпарацый, няма грошай, правоў чалавека і законаў, і справядлівасьць жыве толькі ў калектыўным уяўленьні людзей». Можа, гэта проста правакацыя, каб прымусіць людзей зразумець, што калі яны самі адштурхнуць ідэі свабоды, то яна зьнікне цалкам і ў практыцы?

— Калі няма іншага спосабу абараніць Гарары, то, канечне ж, можна сказаць, што ён правакуе. Ён увогуле піша вельмі незьвязана, там шмат лягічных супярэчнасьцяў. Але тое, што чалавечая свабода — фікцыя, тое, што ёсьць нешта такое, як гістарычны закон, гэта прасоўваецца праз усю ягоную кнігу. Права чытачоў успрымаць гэта як правакацыю, але для мяне гэта вельмі танная ў інтэлектуальным пляне правакацыя.

— Вы называеце яго шарлятанам. Гэта не правакацыя?

— Ёсьць два тыпы людзей, якія змагаюцца зь лібэралізмам альбо ідэяй чалавечай свабоды. Ёсьць расейскі ідэоляг Аляксандар Дугін, які адкрыта кажа, што лібэралізм — гэта вораг, што ён гэтага ня любіць і што Расея не павінна гэтага любіць. Ён прасоўвае сваю антылібэральную ідэалёгію. А ёсьць такі Юваль Гарары, які какетуе зь лібэралізмам, выступае супраць фанатызму, нацыяналізму, рэлігійнага фанатызму. Але ўсю кнігу ён атакуе ядро лібэралізму, бо чалавечая гісторыя, на яго думку, мае наканаваньне, што няма праўды і што чалавечая свабода — фікцыя. У яго ёсьць там словы, што ідэя правоў чалавека ў XXI стагодзьдзі становіцца небясьпечнай. Гарары — чалавек антылібэральнага складу. Але пры першым падыходзе ён выглядае так, нібыта абараняе лібэралізм. Інакш як шарлятанам, які падманвае людзей, я не магу яго назваць.

— Патлумачце, калі ласка, што вы разумееце пад лібэралізмам. Бо розныя людзі тлумачаць гэта па-рознаму. Ёсьць клясычнае вызначэньне, а ёсьць шмат дзе і новае, дзе гэтае слова ўспрымаецца ледзь не як лаянка.

— Я маю на ўвазе клясычнае значэньне. Чалавек, асоба, мае першынство перад калектыўнымі істотамі: дзяржавай, нацыяй, рэлігіяй. Другое: чалавек мае магчымасьць тварыць гісторыю, ён незалежны ад законаў гісторыі, бо іх проста няма. Якой гісторыя была і будзе — залежыць ад людзей. Кожны паасобны чалавек прычыняецца да кшталту, да фармаваньня гісторыі. І ключавая трэцяя рэч — гэта прызнаньне аб’ектыўнага стану рэчаў. Калі мы прызнаём, што праўды няма, то кожны стварае сваю ўласную праўду. Тады няма магчымасьці паразумецца і будаваць кансэнсус, а гэта таксама ключавая рэч для лібэралізму. Правы чалавека і палітычныя свабоды — ужо наступствы гэтых базавых рэчаў. Гарары атакуе найперш гэтыя базавыя рэчы. Але ён не цураецца і атакі на рэчы, якія прысутнічаюць у масавай сьвядомасьці. Ён адкрыта кажа, што ідэя правоў чалавека становіцца небясьпечнай у XXI стагодзьдзі, бо гісторыя рухаецца ў напрамку супэрінтэлекту, які мае нечалавечы характар, і што людзям застаецца толькі падпарадкавацца яму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG