Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуціна замянілі на Трампа. Выдавецтва адцэнзуравала расейскі пераклад усясьветнага бэстсэлера


Юваль Ной Харары
Юваль Ной Харары

У расейскім перакладзе кнігі гісторыка Юваля Ноаха Гарары «21 урок для ХХІ стагодзьдзя» выдаўцы замянілі некалькі абзацаў, якія тычацца анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе, а ў іншым месцы Ўладзіміра Пуціна замянілі на Дональда Трампа. Свабода даведалася, што пра гэта думае сам аўтар.

Што адбылося?

У расейскім перакладзе кнігі Гарары выдавецтва «Синдбад» замяніла абзацы, дзе сьцьвярджаецца, што Расея акупавала Крым, а расейскі ўрад і асабіста Пуцін некалькі разоў адмаўлялі, што там былі расейскія войскі, і называлі іх атрадамі самаабароны.

  • У першым выпадку Гарары параўноўваў войны ХХ і ХХІ стагодзьдзяў. Тут прыбралі некалькі сказаў пра захоп Крыму Расеяй у 2014 годзе, а ангельскае «conquest» (заваёва) перадалі як «присоединение».
  • У частцы «Постпраўда» Гарары апісаў, як у 2014 годзе расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну і акупавалі Крым, а расейскі ўрад і асабіста Пуцін некалькі разоў адмаўлялі, што гэтыя войскі былі расейскія, і называлі іх атрадамі самаабароны. Паводле аўтара, Пуцін і яго паплечнікі ў гэты момант ведалі, што хлусяць. У расейскім перакладзе гэтыя два абзацы выразалі і замянілі іншым тэкстам — пра тое, што Трамп робіць ілжывыя заявы, а пасьля абвінавачвае сродкі масавай інфармацыі ў распаўсюджваньні фэйкавых навінаў.

У Беларусі пераклад, надрукаваны выдавецтвам «Синдбад», прадаецца праз інтэрнэт-краму Oz.by. У дзяржаўных кнігарнях сеткі «Белкніга» на момант публікацыі няма кнігі «21 урок для ХХІ стагодзьдзя».

Што кажа пісьменьнік?

Свабода даведалася, што думае пра гэта сам Гарары.

«Мой галоўны клопат — каб асноўныя ідэі кнігі, якія тычацца пагроз дыктатуры, экстрэмізму і фанатызму, змаглі дайсьці да самых розных чытачоў. У тым ліку і чытачоў, якія жывуць пры недэмакратычных рэжымах. Некаторыя прыклады ў гэтай кнізе могуць або адштурхнуць гэтых чытачоў, або спрычыніць з боку некаторых рэжымаў цэнзуру. Таму я часам дазваляю адаптацыю да мясцовых умоваў і даю права зьмяніць некаторыя далікатныя прыклады — але не асноўную аргумэнтацыю кнігі», — спаслаліся на Гарары ў PR-камандзе пісьменьніка.

Дык пра што кніга?

У кнізе «21 урок для 21 стагодзьдзя» Гарары піша пра глябальныя пытаньні будучыні, чалавечай сьвядомасьці, палітыкі і штучнага інтэлекту. Аўтар закранае праблемы:

  • тэхналягічнага выкліку і лічбавай дыктатуры;
  • крызісу лібэралізму, нацыяналізму, рэлігіі;
  • іміграцыі, тэрарызму і войнаў будучыні;
  • постпраўды і фэйкавых навінаў;
  • адукацыі будучыні.

«21 урок для 21 стагодзьдзя» — трэцяя навукова-папулярная кніга аўтара пасьля «Sapiens: рэзюмэ гісторыі чалавецтва» і «Homo Deus: рэзюмэ заўтрашняй гісторыі». На пачатку сваёй кар’еры Гарары займаўся вывучэньнем ваеннай гісторыі сярэднявечча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG