Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Расеі прызнаў законным прысуд украінцу Грыбу, якога расейскія спэцслужбы затрымалі ў Беларусі


Паўло Грыб

Вярхоўны суд Расеі ў аўторак зацьвердзіў прысуд грамадзяніну Ўкраіны Паўлу Грыбу, асуджанаму за падбухторваньне да тэрарыстычнай дзейнасьці.

«Прысуд Паўночна-Каўкаскага акруговага вайсковага суду пакінуты бязь зьменаў. У задавальненьні апеэляцыйных скаргаў адмоўлена», — паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у судзе.

Вярхоўны суд РФ не знайшоў падставаў для адмены прысуду.

Згодна з законам, прысуд у дачыненьні да Грыба ўступіў 23 ліпеня ў законную сілу і стаў абавязковым для выкананьня.

Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне 22 сакавіка прысудзіў украінцу шэсьць гадоў зьняволеньня. Грыб быў прызнаны вінаватым паводле артыкулу аб спрыяньні тэрарыстычнай дзейнасьці.

У скарзе абарона прасіла адмяніць прысуд, адзначыўшы, што Грыб быў незаконна затрыманы на тэрыторыі Беларусі і дастаўлены ў РФ. Акрамя таго, адзначыла адвакатка, першапачаткова дадзеныя украінцам паказаньні, якія пазьней леглі ў аснову яго прысуду, былі атрыманы праваахоўнымі органамі пад пагрозай ужыцьця гвалту.

Грыб заявіў у судзе, што не прызнае сябе вінаватым і не разумее, за што яго асудзілі.

Як выяўлена сьледзтвам і судом, з сакавіка да траўня 2017 году, знаходзячыся ва Ўкраіне, 19-гадовы Грыб нібыта перапісваўся ў інтэрнэце са старшаклясьніцай з Сочы. Як сьцьвярджала сьледзтва, ён пераконваў дзяўчыну закласьці самаробнае выбуховае прыстасаваньне і прывесьці яго ў дзеяньне на выпускным вечары 30 чэрвеня 2017 году. Пасьля тэракту ён, паводле матэрыялаў справы, рэкамэндаваў школьніцы пакінуць тэрыторыю Расеі.

Грыб быў затрыманы 24 жніўня 2017 году падчас наведаньня Беларусі. Пазьней стала вядома, што ён утрымліваецца ў сьледчым ізалятары ў Краснадары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG