Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лукашэнкі быў шанец застацца ў гістарычнай памяці народу са знакам плюс


Аляксандр Лукашэнка на парадзе
Аляксандр Лукашэнка на парадзе

Сёньня відавочна, што беларускае грамадзтва перарасло Лукашэнку. Ён стаў тормазам на шляху разьвіцьця і перамен.

Сьцісла:

  • Палітычная біяграфія Лукашэнкі адначасова ёсьць арганічнаю часткаю гісторыі Беларусі
  • Доўгі час Лукашэнка шчыра верыў ва ўласную мэсіянскай ролю.
  • Цяперашні ціск Расеі з патрабаваньнем аб’яднацца ў «Саюзную дзяржаву« выяўляе слабасьць беларускай незалежнасьці.
  • У ХХІ стагодзьдзі дыктатуры са знакам плюс быць ня можа.
  • Калі б у Лукашэнкі хапіла здаровага сэнсу сысьці з сваёй пасады дзесьці ў 2010 годзе, то ён меў бы шанец застацца ў гістарычнай памяці народу са знакам плюс.
  • Беларускае грамадзтва перарасло Лукашэнку. Ён стаў тормазам на шляху разьвіцьця і пераменаў.

Месца ў гісторыі

Роўна чвэрць стагодзьдзя таму Аляксандр Лукашэнка стаў прэзыдэнтам Беларусі. Кожны палітык, нават самы цынічны, апынуўшыся на вяршыні ўлады, ня можа ня думаць пра сваё месца ў гісторыі. Рана ці позна, сьвядома ці ў глыбіні падсьвядомасьці ў яго ўзьнікае пытаньне пра месца ў памяці сучасьнікаў і нашчадкаў. Гэта пагатоў датычыць чалавека, які ачольвае дзяржаву 25 гадоў. Прычым ягоная ўлада абсалютная. У рэжымах пэрсаналісцкага тыпу асоба ўладара адыгрывае вырашальную ролю ня толькі ў палітыцы, але і ў фармаваньні ўсяго комплексу адносінаў у соцыюме. Таму незалежна ад чыйгосьці жаданьня палітычная біяграфія Лукашэнкі адначасова ёсьць і арганічнаю часткаю гісторыі Беларусі.

З вышыні сёньняшняга часу і досьведу цяжка паверыць, што на пачатку свайго кіраваньня Лукашэнка быў іншым. У першыя тыдні прэзыдэнцтва ён выглядаў шчырым, калі казаў:

«Я баюся, каб пра мяне дрэнна не падумалі. Мяне гэта шакуе, калі пра мяне дрэнна пішуць ці кажуць... Мяне кідае ў халодны пот толькі адна думка пра тое, што я не магу выканаць абяцаньні, дадзеныя людзям на выбарах». «Я проста ня буду дыктатарам, разумееце?» (Советская Белоруссия. 1994, 31.08, 01.09). Паводле ўспамінаў Аляксандра Фядуты, за дзень да інаўгурацыі Лукашэнка казаў паплечнікам, што калі праз два гады жыцьцё людзей ня стане лепшым, то ён сыдзе з пасады.

Мэсіянскі комплекс

Але, як вядома, улада, асабліва абсалютная, псуе людзей. Плюс рэальная папулярнасьць у 1990-я гады, вобраз «народнага прэзыдэнта», які стваралі дзяржаўыя мэдыя, ускружылі яму галаву. Сам Лукашэнка ня раз ацэньваў сваё ўзыходжаньне да дзяржаўных вяршыняў як цуд, зьяву звышнатуральную, містычную. І праз пэўны час гэта спарадзіла ў яго сьвядомасьці гіпэртрафаванае пачуцьцё ўласнай значнасьці. Чым далей, тым больш ён пачаў шчыра верыць ва ўласную выбранасьць, мэсіянскую ролю. І стаў гаварыць пра сябе як пра сьвятога: «я бязгрэшны», «я самы чысты прэзыдэнт у сьвеце!». Ён любіць апавядаць, як падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году даўно хворыя, ляжачыя людзі дзякуючы магічнай сіле ягонай харызмы падымаліся з ложкаў і ішлі галасаваць.

Лукашэнка так часта паўтараў, што ўратаваў Беларусь ад развалу і гібелі, у якой яна нібыта знаходзілася ў пачатку 1990-х гадоў, што арганічна ўжыўся ў вобраз збаўцы, стваральніка беларускай дзяржаўнасьці.

Але дзяржаўнасьць выявілася нейкая дзіўная. Зь вялікім прысмакам савецкасьці. Нібы нейкі аскепак СССР.

Лукашэнка шмат гаворыць пра сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі як пра сваё вялікае дасягненьне. Ён, напэўна, у душы моцна ганарыцца, як спрытна яму ўдавалася чвэрць стагодзьдзя «разводзіць на бабкі» гэтых лохаў расейцаў, атрымліваючы льготныя цэны на нафту і газ у абмен на пацалункі. Але вось цяпер гэтыя «лохі» выцягнулі з архіву даўно забыты, здавалася б, мёртвы праект «Саюзнай дзяржавы» і прыпёрлі да сьценкі. Трэба плаціць па рахунках. Такі своеасаблівы падарунак Масквы саюзьніку да яго 25-годзьдзя. І выявілася ўся слабасьць, кволасьць незалежнасьці, у значнай ступені пабудаванай за грошы суседа.

«Апошні дыктатар Эўропы»

Вобраз памазаніка народнага суседзіць з іміджам «апошняга дыктатара Эўропы». Для самога Лукашэнкі гэты вобраз зусім не ганебны. Хоць ён час ад часу адмаўляе існаваньне ў Беларусі дыктатуры, кажа, што тут дэмакратыі больш, чым у Эўропе, але насамрэч у душы ганарыцца такой характарыстыкай. Бо ў ягоным уяўленьні гэта проста інакшая назва моцнага палітыка. Невыпадкова з такім піетэтам ён ставіцца да ўсіх дыктатараў мінуўшчыны і цяпершчыны. Як сказала ягоная прэсавая сакратарка Натальля Эйсмант, «дыктатура – гэта наш брэнд». Але ў ХХІ стагодзьдзі дыктатуры з знакам плюс быць ня можа.

Аднак вобразы – рэч важная, але няўлоўная, іх не памацаеш рукамі. Як чалавек практычны Лукашэнка імкнецца да нечага больш матэрыяльнага.

«У выглядзе помніка, адкрыю вам сакрэт, я сабе хачу помнік пакінуць, я хачу Нацыянальную бібліятэку«, – казаў ён у 2000 годзе. Прайшоў час, помнікаў стала больш. Гэта і касьмічны спадарожнік, і Парк высокіх тэхналёгіяў, і АЭС. А таксама невыносныя для мясцовых бюджэтаў лядовыя палацы, 12 прэзыдэнцкіх рэзыдэнцыяў, хакейны турнір імя самога сябе. Плюс вялізны неэфэктыўны дзяржаўны сэктар эканомікі, які вісіць непасільным цяжарам на краіне.

Лукашэнка ўпусьціў шанец своечасова сысьці

Калі б у Лукашэнкі хапіла здаровага глузду пайсьці са сваёй пасады дзесьці ў 2010 годзе, ён меў бы шанец застацца ў гістарычнай памяці народу са знакам плюс. Вядома, і ў гэтым выпадку ацэнка ягонай ролі ў гісторыі Беларусі была б неадназначнай. І пераемнікі, і палітычныя апанэнты вылучылі б цэлы шэраг палітычных абвінавачаньняў. У падручніках гісторыі пэрыяд ягонай дзейнасьці хутчэй за ўсё ацэньваўся б пераважна нэгатыўна.

Аднак у масавай сьвядомасьці значнай часткі электарату ўспрыманьне палітыкі Лукашэнкі было б нядрэнным, асабліва на фоне крызысу, у які ўступіла з 2010-х гадоў беларуская сацыяльная мадэль. І на кантрасьце з гэтымі нэгатыўнымі працэсамі пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі выглядаў бы як эпоха стабільнасьці.

Аднак Лукашэнка не пайшоў, упусьціў свой шанец. І тым самым падпісаў сабе гістарычны прысуд. Калісьці філёзаф Валянцін Акудовіч напісаў, што Беларусь нарэшце прыдбала свайго ўласнага дыктатара, мо гэта ня так і дрэнна, бо апошнія стагодзьдзі беларусамі правілі чужыя аўтакраты. Але сёньня відавочна, што беларускае грамадзтва перарасло Лукашэнку. Ён стаў тормазам на шляху разьвіцьця і пераменаў. Лукашэнка выглядае як помнік іншай эпохі, жывы экспанат музэю мінуўшчыны, сымбаль стагнацыі і безнадзейнасьці. Кожны год ягонай улады – гэта страта гістарычнага часу для краіны.

І ўсё гэта ўсьведамляе большасьць грамадзян. Як вядома, ад народнай любві да нянавісьці адзін крок. Думаю, гэта адчувае і сам Лукашэнка. Цяпер яму не да пошуку месца ў гісторыі. Ён заклапочаны найперш утрыманьнем улады ды атрыманьнем асалоды ад жыцьця. Таму і ладзіць рэгулярна сьвяты для самога сябе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG