Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапамагла Лукашэнку малітва на Валааме?


Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем і Ўладзімір Пуцін у Спаса-Праабражэнскім Валаамскім мужчынскім манастыры, 17 лiпеня 2019 году
Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем і Ўладзімір Пуцін у Спаса-Праабражэнскім Валаамскім мужчынскім манастыры, 17 лiпеня 2019 году

Пазыцыі бакоў прынцыпова розныя. Расея жорстка ўвязвае ўсе формы датацый Беларусі з гатоўнасьцю Менску да далейшай інтэграцыі.

Сьцісла:

  • Перамовы Лукашэнкі і Пуціна на Валааме і ў Санкт-Пецярбургу закончыліся безвынікова.
  • Двухдзённы саміт сьведчыць, што адносіны зь Беларусьсю для Масквы сталі апошнім часам надзвычай важнымі.
  • Расея гатовая працягваць эканамічную дапамогу Беларусі толькі пры ўмове, што Лукашэнка пагодзіцца на паглыбленьне інтэграцыі з Расеяй.
  • Пазыцыя Менску зводзіцца да таго, што пытаньні інтэграцыі і пытаньні расейскіх датацый Беларусі павінны абмяркоўвацца і вырашацца адначасова, паралельна.

Зь сярэдзіны мінулага году стала ўжо традыцыяй, што напярэдадні чарговай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна палітызаваная публіка чакае ад яе нейкіх гістарычных рашэньняў. Так было перад Новым годам, калі кіраўнік Беларусі двойчы за тыдзень езьдзіў у Крэмль. Потым быў трохдзённы саміт у Сочы ў лютым, калі ўсе думалі, што вось кіраўнікі Расеі і Беларусі дамовяцца аб нечым сур’ёзным. Таксама і цяпер напярэдадні сустрэч Лукашэнкі і Пуціна на Валааме і ў Санкт-Пецярбургу было шмат чаканьняў. Але яны ня спраўдзіліся.

Адзіным прыкметным вынікам двухдзённых перамоваў, за які ўхапіліся мэдыя і сацыяльныя сеткі, стала рэпліка Лукашэнкі, што «мы больш, чым хто-небудзь, разам зь ленінградцамі знаходзіліся пад акупацыяй». Такія ляпы зь ім здараюцца, калі ён вельмі хоча спадабацца аўдыторыі, суразмоўцам, робіць «экскурс у гісторыю». Тады ў размове з журналістам зь Нямеччыны можа пачаць шукаць станоўчыя бакі ў дзейнасьці нямецкага дыктатара Гітлера.

Калі вяртацца да палітычнага зьместу чарговага беларуска-расейскай сустрэчы ў вярхах, то варта зьвярнуць увагу на такую акалічнасьць. Апошні год сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ператварыліся ў нейкі суцэльны перамоўны маратон. Моцна заняты важнымі дзяржаўнымі справамі прэзыдэнт Расеі не шкадуе часу на перамовы з сваім беларускім візаві. Лютаўскі саміт у Сочы, напрыклад, цягнуўся тры дні. Цяпер кіраўнікі дзяржаў разам правялі два дні, сустракаліся на Валааме і ў Санкт-Пецярбургу. Гэта сьведчыць пра тое, што стасункі зь Беларусьсю чамусьці для Масквы сталі апошнім часам надзвычай важнымі.

12 ліпеня амэрыканскае інфармацыйнае агенцтва Bloomberg напісала, што, паводле яго маскоўскіх крыніц, праект аб’яднаньня зь Беларусьсю для Крамля ўжо не актуальны. Бо «намаганьні, накіраваныя на тое, каб пераканаць лідэра суседняй Беларусі пайсьці на зьліцьцё з Расеяй, якое дазволіла б Пуціну стаць кіраўніком абʼяднанай дзяржавы, пацярпелі няўдачу». Таму, маўляў, Пуцін узяў на ўзбраеньне іншы сцэнар, каб захаваць уладу пасьля 2024 году.

Мо яно і так. Але сам факт двухдзённага саміту, жорсткія заявы і дзеяньні расейскіх афіцыйных асобаў ставяць пад сумнеў гэтую вэрсію агенцтва Bloomberg. Прынамсі пакуль не пацьвярджаюць яе.

Калі паспрабаваць на падставе рэплік двух прэзыдэнтаў рэканструяваць зьмястоўную частку перамоваў, то нават з гэтага можна зразумець, што пазыцыі бакоў прынцыпова розныя. Расея жорстка ўвязвае ўсе формы датацый Беларусі з гатоўнасьцю Менску да інтэграцыі з РФ.

Пазыцыя беларускага кіраўніцтва прынцыпова іншая. Яна зводзіцца да таго, што пытаньні інтэграцыі і пытаньні расейскіх датацый Беларусі павінны абмяркоўвацца і вырашацца адначасова, паралельна. Гэтая перамоўная тактыка афіцыйнага Менску была яшчэ раз сфармулявана Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу: «Канкрэтныя пытаньні ляжаць на паверхні. Калі іх нч вырашыць, ня зьняць на паверхні — слухайце, гаварыць пра стратэгію будзе проста сьмешна». Перакладаю гэты своеасаблівы «саюзны» жаргон на зразумелую мову. «Канкрэтныя пытаньні» — гэта пра датацыі, «стратэгія» — гэта праблемы інтэграцыі на аснове Дамовы аб саюзнай дзяржаве.

Яшчэ адзін сюжэт з той жа сэрыі. Лукашэнка ня першы раз выказвае тэзу, што, маўляў, мы з Пуціным аб усім дамовіліся, і толькі ўрады недапрацоўваюць. Гэта папрок у адрас ураду РФ, працяг думкі, якую Лукашэнка выказаў падчас размовы з Рыгорам Рапотам, дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы», 9 ліпеня. Тады кіраўнік Беларусі канкрэтна выказаў прэтэнзіі расейскім урадоўцам:

«Перамоўная група наткнулася на нейкае пытаньне — урад Расеі абяцае даць, у тым ліку прэмʼер Мядзведзеў, усе каманды, распараджэньні, каб у комплексе вырашаць пытаньні. Таму што вызначана тактыка вядзеньня перамоў: паабяцалі — забыліся, другі раз паабяцалі — забыліся. Гэта значыць, ідзе незразумелае тармажэньне гэтых працэсаў».

Тармажэньне праяўляецца ў тым, што расейскія міністры ня хочуць нічога абмяркоўваць, пакуль Беларусь не пагодзіцца на інтэграцыю. Але наўрад ці урад РФ займае такую пазыцыю з уласнай ініцыятывы. Аднак публічна крытыкаваць самога Пуціна Лукашэнка пакуль не адважваецца. Таму вастрыё сваёй крытыкі ён накіроўвае на ўрад Мядзьведзева.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG