Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пэнсіянэрку аштрафавалі за камэнтар у сацсетцы: «Гэта што, рэпрэсіі 1937 году?»


Расейскі суд, ілюстрацыйнае фота

Суд у Архангельску аштрафаваў на 30 тысяч расейскіх рублёў ($477) пэнсіянэрку Алену Макараву паводле закону аб «непавазе да ўлады». Падставай для гэтага стаў яе камэнтар аб паліцыі і судзьдзях у суполцы «Памор’е ня сьметнік!» у сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Пра гэта паведаміў у сваім телеграм-канале кіраўнік праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў.

У пратаколе паліцыі ўказана, што пэнсіянэрка пакінула камэнтар падобнага зьместу: «Няўжо ў горадзе няма ніводнага прыстойнага паліцэйскага або судзьдзі? Гэта што, рэпрэсіі 37-га году? Што прымушае людзей ператварацца ў падонкаў?». Камэнтар быў апублікаваны Макаравай пасьля мітынгу 7 красавіка супраць будаўніцтва сьмецьцевага палігона ў Шыесе.

Раней суд у Архангельску спыніў адміністрацыйную справу супраць мясцовага жыхара Аляксандра Пушкіна і адмяніў прызначаны яму раней судом ніжэйшай інстанцыі штраф 30 тысяч рублёў паводле гэтага ж артыкулу аб непавазе да органаў улады за камэнтар пра суды над удзельнікамі акцый пратэсту супраць сьмецьцевага палігона.

Пры дапамозе нядаўна ўведзенага адміністрацыйнага артыкулу пра абразу ўлады, да адказнасьці ў розных рэгіёнах Расеі былі прыцягнутыя ўжо больш за 10 чалавек, большасьць зь іх — з Архангельскай вобласьці. Асаблівы рэзананс атрымалі рашэньні суду аб штрафах за нэгатыўныя камэнтары ў адрас прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Сам Пуцін сьцьвярджаў, што мэта закону — абарона ад абразаў не асобаў, а дзяржаўных сымбаляў.

На станцыі Шыес будуюць сьмецьцевы палігон для ўвозу ў рэгіён сьмецьця з Масквы. Плянуецца, што ён зойме тэрыторыю 300 гектараў. Мясцовыя жыхары лічаць, што праца палігону прывядзе да экалягічнай катастрофы. Актывісты дзяжураць каля будоўлі і блякуюць дарогі на станцыю, у Архангельскай вобласьці праходзяць акцыі пратэсту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG