Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі чыноўнікаў абавяжуць цягам сутак рэагаваць на незадаволеныя допісы ў сацсетках

У Расеі ў тэставым рэжыме пачала працаваць сыстэма маніторынгу «Інцыдэнт мэнэджмэнт», якая дазволіць адсочваць пасты незадаволеных жыхароў у сацыяльных сетках і рэакцыю на дзеяньні ўладаў. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы ў Крамлі і рэгіянальных урадах.

«Інцыдэнт» маніторыць па ключавых словах пяць сацыяльных сетак: «Укантакце», Facebook, Instagram, Twitter і «Аднакласьнікі». Вынікі маніторынгу трапляюць да адміністратара, які вырашае, на якія паведамленьні трэба адказаць. Запыты сартуюцца ў залежнасьці ад маштабу праблемы, пасты адной тэмы аб’ядноўваюцца. Мясцовыя ўлады павінны рэагаваць на запыт на працягу сутак ад моманту яго рэгістрацыі.

Крыніца, блізкая да Крамля, распавяла РБК, што неабходнасьць надаваць больш увагі нэгатыўным камэнтарам у сацсетках паўстала пасьля трагедыі ў Кемераўскім гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» і сытуацыі вакол сьмецьцевага палігону ў Валакамску. Паводле крыніцы, улады рэгіёнаў прадэманстравалі няздольнасьць адэкватна рэагаваць на незадаволенасьць у інтэрнэце.

Цяпер сыстэма тэстуецца ў некалькіх рэгіёнах. Па ўсёй Расеі яе плянуецца ўвесьці да 2019 году.

XS
SM
MD
LG