Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар ЗША заклікаў ФБР расьсьледаваць працу расейскай праграмы FaceApp, якая «састарвае» карыстальнікаў


Праграма Faceapp
Праграма Faceapp

Амэрыканскі сэнатар Чак Шумэр зьвярнуўся да ФБР і Фэдэральнай гандлёвай камісіі з просьбай правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні распрацаванай у Расеі праграмы FaceApp у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі ЗША і асабістых зьвестак карыстальнікаў.

Праграма стала віруснай, калі ў ёй зьявіўся фільтар, які састарвае твары карыстальнікаў.

У звароце Шумана гаворыцца, што карыстальнікі FaceApp даюць праграме «поўны і бясспрэчны доступ да сваіх фатаздымкаў і асабістых дадзеных», што ставіць пад пагрозу нацыянальную бясьпеку.

Нацыянальны камітэт дэмакратаў разаслаў лісты ўсім кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад сваёй партыі з патрабаваньнем не карыстацца і выдаліць праграму, калi яна ўсталяваная на тэлефонах саміх кандыдатаў ці іх каманды.

Няма ніякіх доказаў, што FaceApp дае каму-небудзь доступ да інфармацыі сваіх карыстальнікаў. Гэта адмаўляе і кіраўніцтва кампаніі ў апублікаванай заяве.

«99% карыстальнікаў не ўваходзяць у праграму, таму ў нас няма доступу да ніякіх дадзеных, якія маглі б ідэнтыфікаваць чалавека», — гаворыцца ў заяве.

FaceApp раней крытыкавалі за тое, што ва ўмовах карыстаньня праграмай дакладна не сказана, што яна працуе з фатаздымкамі ў воблаку, а не апрацоўвае іх на тэлефоне карыстальніка. Але ў кампаніі заяўляюць, што фота выдаляюцца з сэрвэра на працягу 48 гадзін.

Што такое FaceApp

Праграму FaceApp распрацаваў у 2017 годзе былы супрацоўнік «Яндэксу» Яраслаў Ганчароў (навінаў пра пакупку праграмы або буйныя інвэстыцыі не было). Праграма дазваляе рабіць твар старэйшым ці маладзейшым, а таксама «прыгажэйшым», як гэта ўяўляюць аўтары праграмы, дадаваць на твар усьмешку. Платная вэрсія дазваляе таксама мяняць прычоскі і колер валасоў, «прымяраць» макіяж. Была функцыя «зьмены расы», але пасьля крытыкі за «адбельваньне» людзей фільтар прыбралі. Каб мець магчымасьць карыстацца гэтымі фільтрамі, трэба даць праграме дазвол на доступ да фота.

Спампаваць бясплатную вэрсію можна на Android і iOS. Вэрсіі для настольных кампутараў няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG