Лінкі ўнівэрсальнага доступу

66% беларусаў атрымліваюць менш за «па 500». У біятэхналягічнай карпарацыі сярэдні заробак — $26 000


У траўні 2019 году 33,6% беларусаў мелі налічаны заробак (да вынятку падаткаў і збораў) больш за 1000 рублёў, вынікае са зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Разьмеркаваньне заробкаў у Беларусі на травень такое:

  • 2,4% — менш за 300 рублёў;
  • 8,1% — 300–400;
  • 9,8% — 400–500;
  • 10,1% — 500–600;
  • 19,4% — 600–800;
  • 16,6% — 800–1000;
  • 21,6% — 1000–1500;
  • 6,8% — 1500–2000;
  • 3,4% — 2000–3000;
  • 1,2% — 3000–5000;
  • 0,3% — 5000–7000;
  • 0,2% — 7000–10000;
  • 0,1% — звыш 10000 рублёў.

У сярэднестатыстычнага беларуса — «па трыста восемдзесят»

Сярэдні налічаны заробак беларусаў за травень зьменшыўся на два рублі і склаў 1071,6 рубля. Паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку гэта каля 512,29 даляра — тыя самыя «па пяцьсот», якія Аляксандар Лукашэнка абяцаў больш за 12 гадоў.

Але на 128,5 даляра меншы мэдыянны заробак — такі, які атрымлівае сярэднестатыстычны чалавек, адносна якога палова атрымлівае больш, а палова менш. У траўні гэты мэдыянны заробак склаў 802,7 рубля — 383,74 даляра.

У мінулым лістападзе, калі перадапошні раз публікаваліся зьвесткі пра мэдыянны заробак, той складаў 751,1 рубля або 353,86 даляра – то бок за паўгода вырас на 50 зь лішнім рублёў або амаль 30 даляраў.

Як і сярэднія, найбольшыя мэдыянныя заробкі ў IT — 3018,6 рубля ў траўні. Сьледам ідуць гарнякі з 1797,5 рубля і авіятары з 1441,1 рубля. Найменшыя мэдыянныя заробкі ў адукацыі з 604,9 рубля, рыбнай лоўлі з 566,8 рубля і галіне творчасьці, спорту, забаваў і адпачынку — 543,9 рубля.

$25 939,8

Такі сярэдні заробак — каля 26 тысячаў даляраў — налічылі ў мінулым годзе ў ЗАТ «БНБК», Нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі.

Абноўлена: Гэтыя лічбы ў кампаніі пазьней растлумачылі памылкай бухгальтара, заробкі сталі меншымі за 1500 даляраў.

Гэтая карпарацыя зь 2018 году будуе пад Рудзенскам комплекс вытворчасьці амінакіслотаў, камбікармоў і прэміксаў. Завяршэньне будаўніцтва заплянаванае на 2032 год, праект ацэньваюць у 733 млн даляраў, ад Кітаю на яго атрыманы крэдыт у 628 млн. Дзяржаве належыць 25% кампаніі, кітайскім інвэстарам — 29%, яшчэ 45% маюць дзьве шатляндзкія кампаніі, 1% належыць расейскаму інвэстару.

Як растлумачылі карэспандэнту Naviny.by у «БНБК», высокія заробкі абумоўленыя «неабходнасьцю прыцягваць замежных спэцыялістаў, бо карпарацыя стварае ў краіне абсалютна новую галіну», а прафэсіяналы «не паедуць сюды за 500 даляраў працаваць». У карпарацыі сьцьвярджаюць, што заробкі ўзгодненыя з урадавай камісіяй, «пытаньняў не ўзьнікала».

Дырэктарам карпарацыі прызначаны Данііл Урыцкі, у якім у Кіргізстане апазналі ўцеклага былога прэм’ера Даніяра Ўсаенава, якога на радзіме чакае пажыцьцёвае зьняволеньне за саўдзел у забойстве дэманстрантаў у 2010 годзе (беларускія ўлады лічаць перасьлед палітычна матываваным).

У ліку намесьнікаў Урыцкага — былая намесьніца кіраўніка справамі прэзыдэнта Беларусі Надзея Каткавец і сын намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ільля Снапкоў.

Штат кампаніі сёлета складаецца з 31 супрацоўніка, зь якіх 14 чалавек ва ўзросьце 26–35 гадоў, пяцёра маюць толькі сярэднюю адукацыю, а адзін — толькі базавую. А год таму, калі налічвалі па 26 тысячаў даляраў, складаў толькі 19 чалавек — то значыць, на заробкі за год пайшло каля 6 млн даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG