Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС адмовіўся камэнтаваць беларускі пашпарт экс-прэм’ера Кіргізстану


Данііл Урыцкі (або Усенаў?). Фота: БелаПАН

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі адмовілася прадставіць на запыт Радыё Свабода інфармацыю пра былога прэм’ер-міністра Кіргізстану Даніяра Ўсенава.

Даніяр Усенаў — прэм’ер-міністар Кіргізіі ў 2009-2010 гадах. Пасьля рэвалюцыі ў красавіку 2010 году ён падаў у адстаўку. У 2014 годзе Ўсенава завочна асудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Раней Генпракуратура Беларусі адмовіла кіргіскім уладам у выдачы былога прэм’ер-міністра Кіргізстану Даніяра Ўсенава. Адмова выдадзеная на падставе падпункту «е» пункту 1 артыкула 89 кішынёўскай канвэнцыі («Канвэнцыя аб прававой дапамозе і прававых стасунках па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах» ад 7 кастрычніка 2002 году).

Беларускі бок, паводле генпракуратуры, меў важкія падставы меркаваць, што запыт аб выдачы Ўсенава зьвязаны зь яго перасьледам за палітычныя перакананьні. Пры гэтым генпракуратура не казала, ці Ўсенаў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Генпракуратура Беларусі ня ведае, дзе былы прэм’ер Кіргізстану, выдачы якога патрабуе Бішкек

Радыё Свабода зьвярнулася ў прэс-службу Міністэрства ўнутраных справаў з пытаньнямі, ці атрымаў Даніяр Усенаў грамадзянства Беларусі і на якое імя яму выдадзены беларускі пашпарт, ці Даніяр Усенаў і Данііл Урыцкі (кіраўнік «Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі») — гэта адна і тая ж асоба і ці пражывае Даніяр Усенаў у Беларусі?

Начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў, прэс-сакратар МУС Георгі Еўчар адказаў Свабодзе, што запыт разгледжаны ў МУС.

«Паведамляем, што згодна з артыкулам 17 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі“, дадзеныя аб прыватным жыцьці фізычнай асобы і яе асабістыя дадзеныя адносяцца да інфармацыі, распаўсюджваньне якой абмежавана», — гаворыцца ў лісьце з МУС Беларусі.

Беларуска-кіргіскі дэтэктыў. Ці хутка каля Драздоў зьявіцца пасёлак «Беглыя злачынцы»

Беларускія мэдыя 27 ліпеня апублікавалі фатаграфіі чалавека, вонкава падобнага да былога прэм’ер-міністра Кіргізстану Даніяра Ўсенава, які ўцёк з краіны пасьля падзей 2010 году. Адзін з карэспандэнтаў пасьпеў пагаварыць з таямнічым прадпрымальнікам, у пашпарце якога запісана — Данііл Урыцкі.

Інфармацыя пра тое, што Даніяр Усенаў пражывае ў Беларусі пад імем Данііла Ўрыцкага, упершыню зьявілася ў беларускіх СМІ ў сьнежні 2017 году.

Адразу пасьля гэтага прадстаўнікі грамадзкага абʼяднаньня «Айкол Ала-Тоо» 14 сьнежня на мітынгу ў Бішкеку запатрабавалі выдаць Даніяра Ўсенава — Данііла Ўрыцкага Кіргізстану.

Раней прэс-сакратар Дзяржаўнай рэгістрацыйнай службы Кіргізстану Меліс Эржыгітаў паведамляў, што сярод асобаў, якія адмовіліся ад грамадзянства гэтай краіны Даніяра Ўсенава няма.

Пасьля падзей 2010 году Усенава абвінавацілі ў цяжкіх злачынствах і завочна асудзілі на пажыцьцёвы тэрмін. Пасьля гэтага не зьявілася ніводнай яго фатаграфіі.

Былы прэзыдэнт Курманбек Бакіеў пасьля падзеяў 2010 году таксама ўцёк у Беларусь, цяпер ён жыве ў Менску. Яго сын Максім Бакіеў жыве ў Лёндане.

Брат Курманбека Бакіева, экс-старшыня Службы дзяржаўнай аховы Жаныш Бакіеў асуджаны судом на пажыцьцёвае зьняволеньне. Паведамляецца, што ён цяпер у Беларусі.

Бакіеву на радзіме завочна прысудзілі 10 гадоў турмы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG