Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Санкт-Пецярбурга папрасілі даведку, што Стругацкі — пісьменьнік

Барыс Стругацкі, 2004 год
Барыс Стругацкі, 2004 год

У дэпутата Заканадаўчага сходу расейскага Санкт-Пецярбургу Барыс Вішнеўскі ўлады запатрабавалі даведку, што Барыс Стругацкі быў пісьменьнікам, расказвае «Настоящее время». Ён зьвяртаўся з просьбай узгадніць устаноўку мэмарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў аўтар.

«Патэлефанаваў Сяргею Арно ў саюз пісьменьнікаў СПб, — піша дэпутат Барыс Вішнеўскі на Facebook. — Ён рагатаў, як вар'ят, некалькі хвілінаў. Потым сказаў, што даведку напішуць, вядома. І што цяпер наш Саюз увойдзе ў гісторыю — як той, які выдаў даведку, што Барыс Стругацкі быў пісьменьнікам».

У гарадзкім камітэце культуры агенцтву «РИА Новости» пацьвердзілі, што сапраўды патрабавалі такое дакумэнтальнае пацьверджаньне, — але спаслаліся на патрабаваньні закону. Там прызналі, што «ў дачыненьні да выдатных асобаў патрабаваньні абгрунтаваньняў здаюцца сьмяхотнымі і, магчыма, нават абразьлівымі». Але дадалі, што гэта патрэбна, «каб выключыць памылкі, няслушныя трактоўкі і пры любых прэтэнзіях пацьвердзіць дакумэнтамі кожнае слова, высечанае на шыльдзе».

Браты Аркадзь і Барыс Стругацкія ў суаўтарстве напісалі ў другой палове XX стагодзьдзя дзясяткі навукова-фантастычных раманаў і апавяданьняў, у ліку якіх «Цяжка быць богам», «Панядзелак пачынаецца ў суботу», «Пікнік на ўзбочыне», «Населены востраў» ды іншыя. Іхныя кнігі выдаваліся вялікімі накладамі ў СССР і за яго межамі, яны перакладзеныя на дзясяткі моваў, нямала зь іх экранізаваныя. Аркадзь Стругацкі памёр у 1991 годзе ва ўзросьце 66 гадоў, Барыс Стругацкі — у 2012-м у 79 гадоў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG