У беларускім зьнешнепалітычным ведамстве рэзалюцыю назвалі «беспэрспэктыўнай». Раней Рада ААН па правах чалавека выказала заклапочанасьць станам правоў чалавека ў Беларусі.
МЗС пракамэнтаваў рэзалюцыю Рады ААН па правах чалавека адносна Беларусі, паведамляе БелаПАН.
«Аб беспэрспэктыўнасьці рэзалюцыі, якая была ініцыяваная краінамі-чальцамі ЭЗ, сьведчаць вынікі галасаваньня. Аднак унутраны мэханізм Рады па правах чалавека ўладкаваны так, што, прыняўшы рэзалюцыю аднойчы, яе аўтарам у далейшым складана ад яе адмовіцца. Гэта раўназначна прызнаньню няўдаласьці палітыкі ціску на Беларусь з дапамогай мандата спэцыяльнага дакладчыка, які наша краіна не прызнае, разглядаючы яго як несправядлівую і дыскрымінацыйную меру», — падкрэсьліваецца ў камэнтары.
На думку МЗС, дакумэнт «ня быў падтрыманы большасьцю», паколькі з 47 краінаў-сябраў Рады шэсьць выступілі супраць, а дваццаць адна ўстрымалася.
12 ліпеня Рада па правах чалавека прыняла адносна Беларусі рэзалюцыю, у якой выказала заклапочанасьць станам правоў чалавека.
«Рада выказвае занепакоенасьць становішчам у галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі, асабліва неабгрунтаванымі абмежаваньнямі і празьмерна цяжкімі працэсамі, зьвязанымі з ажыцьцяўленьнем правоў на свабоду мірных сходаў, асацыяцыяў і выказваньня меркаваньняў», — гаворыцца ў дакумэнце.
Рада ААН па правах чалавека таксама занепакоеная інфармацыяй пра выпадкі катаваньняў і бесчалавечнага або зьневажальнага абыходжаньня з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і пэнітэнцыярных устаноў, якія не былі належным чынам расьсьледаваныя ўладамі.
А таксама ўціскам праваабаронцаў, прафсаюзаў і арганізацый грамадзянскай супольнасьці, многім зь якіх адмоўлена ў рэгістрацыі, арыштамі журналістаў і накладаньнем на іх штрафаў за ажыцьцяўленьне імі сваёй дзейнасьці.
Рада заклікае беларускія ўлады «ў поўнай меры выконваць правы на свабоду выказваньня меркаваньняў, мірных сходаў і асацыяцыяў».
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў