Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі прапанавала спрасьціць рэгістрацыю партыяў. Апазыцыя прасіла большага


Сьцяг «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі», якая сем разоў атрымлівала адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі, ілюстрацыйнае фота

На прававым форуме Беларусі апублікаваны для абмеркаваньня праект зьменаў у законы аб дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў, які распрацавала Міністэрства юстыцыі.

Міністэрства прапануе:

  • скараціць колькасьць заснавальнікаў, патрэбных для стварэньня партыі, з 1000 да 800, а рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня – з 50 да 40;
  • дазволіць падаваць дакумэнты на рэгістрацыю ў электронным выглядзе;
  • даць магчымасьць пазначаць не юрыдычны адрас партыі ці арганізацыі, а месца працы кіраўніка (калі працадаўца згодны) у якасьці месца знаходжаньня кіроўнага органа;
  • скасаваць дзяржаўную рэгістрацыю гімнаў, значкоў, вымпелаў і гальштукаў партыяў і аб’яднаньняў (рэгістрацыя сьцягоў і эмблем, нагрудных і апазнавальных знакаў застаецца);
  • замест хатняга і працоўнага тэлефонаў заснавальнікаў пазначаць толькі адзін нумар;
  • абавязаць партыі пазначаць у назьве тэрыторыю, на якой яна дзейнічае (для рэгістрацыі трэба мець структуры ў большасьці абласьцей, хаця б у чатырох, і ў Менску);
  • замацаваць магчымасьць абскарджваць рашэньні партыяў і аб’яднаньняў іхнымі чальцамі праз суд;
  • дазволіць праводзіць паседжаньні праз інтэрнэт у рэжыме відэа- або аўдыёканфэрэнцыяў;
  • забараніць плаціць заробкі работнікам партыі ці арганізацыі, большыя за 40% усіх выдаткаў партыі ці арганізацыі, бо Мінюст бачыць сьведчаньні пра «злоўжываньні з боку работнікаў»;
  • абавязаць партыі і арганізацыі штогод да 1 сакавіка публікаваць зьвесткі пра сваю дзейнасьць і фінансавыя справаздачы ў адкрытым доступе (на сваіх сайтах ці ў СМІ);
  • «дэкляратыўна пажадаць» дзяржаве падтрымліваць партыі і аб’яднаньні інфармацыйна, мэтадычна і празь «дзяржаўную сацыяльную замову»;
  • даць магчымасьць грамадзкім аб’яднаньням аказваць дзяржаве паслугі на дамоўнай аснове без утварэньня ці ўдзелу ў камэрцыйных арганізацыях.

Чаго прасіла апазыцыя

Беларускія апазыцыйныя партыі, рухі і аргкамітэты стварэньня партыяў у чэрвені падпісалі супольную заяву, у якой прасілі іншага спрашчэньня. Яны прасілі:

  • скараціць колькасьць заснавальнікаў, неабходную для рэгістрацыі (гэта ў законапраекце прапануюць скараціць на 20%);
  • увесьці паведамляльны прынцып пастаноўкі на ўлік арганізацыйных структураў (законапраект гэта не прадугледжвае);
  • забясьпечыць дзяржаўнае фінансаваньне статутнай дзейнасьці палітычных партыяў (у законапраекце прапануюць дэкляраваць просьбу аб падтрымцы, ня згадваючы наўпрост фінансаваньне);
  • спрыяць прадастаўленьню партыям памяшканьняў у дзяржаўнай уласнасьці (фактычна ў законапраекце прапануюць працаваць без памяшканьня);
  • абавязаць дзяржаўныя органы і органы самакіраваньня даваць роўныя магчымасьці ўсім палітычным партыям, у тым ліку гарантаваць ім права доступу да дзяржаўных СМІ (у законапраекце прапануюць дэкляратыўна папрасіць дзяржаву даваць інфармацыйную падтрымку).

Апошняя партыя была зарэгістраваная ў Беларусі амаль 20 гадоў таму — 13 верасьня 1999 году Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка, якая аддзялілася ад партыі «Беларускі народны фронт» (на той момант старшынём быў Вінцук Вячорка, цяпер — Рыгор Кастусёў).

Некаторыя палітыкі шмат разоў спрабавалі зарэгістраваць новыя партыі. Так, «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» сем разоў атрымлівала адмову ў рэгістрацыі, заяўляла пра ціск і пагрозы сябрам аргкамітэту, але працягвае спробы зарэгістравацца, каб пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG