Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Гайдукевіча прапанавала рэфэрэндум: выбары ў парлямэнт паводле зьмяшанай сыстэмы, прэзыдэнцкі тэрмін 7 гадоў


Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, архіўнае фота
Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, архіўнае фота

Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі прыняла на паседжаньні свайго вышэйшага савету 23 лістапада прапанову вынесьці на рэфэрэндум пытаньні аб укараненьні зьмяшанай прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы выбараў у парлямэнт, падаўжэньні паўнамоцтваў Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў да 5 гадоў, прэзыдэнта — да 7 гадоў.

Як перадае БелаПАН, партыя прапануе гэта, каб «умацаваць палітычную сыстэму Рэспублікі Беларусь». Гэтыя зьмены «прывядуць да далейшай дэмакратызацыі і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, умацаваньня ўлады ў краіне».

У Беларусі выбары 110 дэпутатаў ніжняй палаты парлямэнту, Палаты прадстаўнікоў, адбываюцца паводле мажарытарнай сыстэмы — народ галасуе не за партыі, а за асобных кандыдатаў у аднамандатных акругах. Верхнюю ж палату, 56 дэпутатаў Савету Рэспублікі, выбіраюць дэпутаты мясцовых саветаў, яшчэ 8 прызначае асабіста Аляксандар Лукашэнка. Парлямэнт выбіраюць на 4 гады, прэзыдэнта — на 5 гадоў.

Атрымаецца?

ЛДПБ разьлічвае прасунуць ідэю рэфэрэндуму, «карыстаючыся сваім прадстаўніцтвам» у Савеце Рэспублікі (1 з 64) і Палаце прадстаўнікоў (1 са 110). Відавочна, партыі спатрэбіцца падтрымка іншых парлямэнтароў.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі кажа Свабодзе, што ідэя са зьмяшанай сыстэмай, якая «гучыць лейтматывам» у прапанове, паходзіць не ад ЛДПБ, а ідэя падаўжэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў нішто іншае, як «прагін» пад Лукашэнку:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Яны ўжо раней выказваліся пра зьмяшаную сыстэму. Нават самыя сьмелыя летуценьнікі не дапускаюць, што Беларусь можа перайсьці цалкам на партыйныя сьпісы пры цяперашняй уладзе. А што тычыцца зьмяшанай сыстэмы, такія намёкі рабіліся.

Найбольш актыўна падтрымлівае такую навацыю, як ні дзіўна, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына. Хоць за ёй замацаваўся імідж гэткай рэтраградкі, адданай служкі сыстэмы, як яна сама кажа, менавіта таму варта да ейных заяваў прыслухоўвацца. Гэта можа азначаць, што недзе наверсе такая ідэя абмяркоўваецца.

Тут свая лёгіка ёсьць. З аднаго боку, гэта прагрэсіўна, у шмат якіх дэмакратычных краінах падобная сыстэма дзейнічае, хоць яна не ідэальная і некаторыя краіны, наадварот, пераходзяць да мажарытарнай. Гэта было б у трэндзе паляпшэньня дачыненьняў з Захадам, можна гэта „прадаць заходнікам“: маўляў, дэмакратызуемся. Ды разам з тым досьвед постсавецкіх краінаў паказвае, што пераход на такую сыстэму не пагражае аўтарытарным уладам. Падобная сыстэма дзейнічае ў Казахстане, у Расеі.

Мяркую, ЛДПБ думае трапіць у трэнд, калі гэта супадзе з інтэнцыямі ў кіроўнай эліце. У той жа „Белай Русі“ падобныя матывы гучаць даўно, хоць і глуха, бо Аляксандар Лукашэнка ня вельмі прыхільна пару разоў адрэагаваў на гэта. Разам з тым — а раптам? Тады, натуральна, ЛДПБ разьлічвае атрымаць свой плён. А павелічэньне тэрмінаў паўнамоцтваў прэзыдэнта і парлямэнту — гэта спроба падгуляць кіраўніку дзяржавы. Ад такой ініцыятывы яны нічога ня страчваюць, бо прапанову будуць абмяркоўваць, камэнтаваць у прэсе, а гэта лішні напамін, што ёсьць такая партыя».

Аднойчы ў Беларусі, згадвае Класкоўскі, прэзыдэнцкі тэрмін ужо падаўжаўся: першы раз Лукашэнка абраўся прэзыдэнтам у 1994 годзе, наступныя ж выбары былі прызначаныя не на 1999 год, а на 2001-ы, бо ў 1996-м мянялася Канстытуцыя, адлік прэзыдэнцкага тэрміну пачалі з нуля. Класкоўскі не сумняваецца, што калі Лукашэнка захоча адкласьці прэзыдэнцкія выбары 2020 году пасьля рашэньня аб падаўжэньні паўнамоцтваў, то знойдуцца юрысты, якія гэта абгрунтуюць.

Мы спрабавалі

Дарэчы, пасьля парлямэнцкіх выбараў 2016 году Свабода жартам праводзіла ў сацсетках галасаваньне па чыстай партыйнай сыстэме. Тады на Facebook найбольш галасоў атрымала «Народная грамада» Статкевіча, АГП і БНФ, а «ЎКантакце» — «Народная грамада», КХП Зянона Пазьняка і ППЦ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG