Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыходзіў позна, сыходзіў рана». Суседзі пра менчука, абвінавачанага ў гвалтаваньні непаўналетніх


Ілюстрацыйнае фота

Больш за 10 дзяўчатак узростам ад 2 да 12 гадоў, як мяркуецца, сталі ахвярамі мужчыны зь Менску. Гэта дзеці ягоных сваякоў і знаёмых.

Злачынствы маглі адбывацца ў Менску, Наваполацку, Полацку, пад Санкт-Пецярбургам, і ў Камбоджы, куды абвінавачаны выяжджаў на пачатку 2000-х. Тады ягоны знаёмы грамадзянін ЗША трапіў у турму на 30 гадоў за сэксуальныя злачынствы.

Сьледчы камітэт паведаміў пра заканчэньне сьледзтва і перадачу ў суд справы супраць менчука 1978 году нараджэньня і дзьвюх маладых жанчын з Наваполацку. Менчук абвінавачваецца паводле 7 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў гвалтаваньні непаўналетніх, вырабе парнаграфіі, гандлі людзьмі і вырабе наркотыкаў. У ягонай справе 31 эпізод. Абвінавачванаму пагражае да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Затрыманыя разам зь менчуком жанчыны абвінавачаныя паводле 4 артыкулаў, у тым ліку ў судзеяньні ў гвалтаваньні і вырабе парнаграфіі. Паводле сьледзтва, маладыя жанчыны дапамагалі знаёмаму менчуку здымаць дзіцячае порна з удзелам іхных дачок 2 і 4 гадоў. Цяпер ім таксама пагражае 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

У чэрвені 2018 году абвінавачаны быў затрыманы ў Менску. Карэспандэнт Свабоды пабываў у доме, дзе адбывалася затрыманьне, і пагутарыў зь ягонымі жыхарамі.

«Так, ён тут жыў, у першым пад’езьдзе. Тут стаяў ягоны аўтамабіль, яго раней бачыў, але толькі пасьля арышту даведаўся, чый гэта», — расказаў пра арыштаванага сусед Мікалай.

Жыхарка пад’езду жахаецца, што побач жыў «такі вычварэнец». «У нас жа дзець езьдзяць у ліфце адны — і як бацькі адпускаюць на вуліцу пагуляць? Але яго ня памятаю. Дом высокі, 17 паверхаў, хоць і жылі ў адным пад’езьдзе, але маглі і не сустрэцца».

«Відэа пра яго затрыманьне сёньня бачыла, у Viber дома нехта выклаў, што ў нас такі жыў. Во як цікава!», — не таіла эмоцый другая жыхарка пад’езду.

Аляксандар аказаўся самым дасьведчаным і распавёў усё, што ведаў ня толькі пра мужчыну, але і пра яго затрыманьне.

«У нас відэакамэры на пад’ездах, дык міліцыя па іх высьветліла, што ён позна прыходзіць і рана сыходзіць. У тую раніцу яго тут падпільнавалі і затрымалі — гэта і ёсьць на міліцэйскім відэа. А празь некалькі дзён сюды прыйшлі два міліцыянты, паклікалі панятых з нашага пад’езду. Патлумачылі, што ім трэба агледзець уласнасьць злачынцы, які тут жыў. Аўтамабіль адчынілі, агледзелі, але нічога не знайшлі, нейкія пустыя каністры, і ўсё. Сказалі, што ён тут толькі здымаў кватэру, начаваў, але сваёй дрэннай справай тут не займаўся», — расказаў Аляксандар.

Аўтамабіль колеру аквамарын з транзытным нумарам 3FF Т 47 40, які, паводле сьведак, належаў мужчыне, трапіў на відэа затрыманьня. Пасьля агляду міліцыянты перавезьлі яго на стаянку каля «Беларусбанку», што на другім баку дома. Куды потым падзелася машына, суседзі абвінавачанага ня ведаюць.

Што вядома пра менчука, які, паводле сьледзтва, займаўся вырабам дзіцячай парнаграфіі і прадаваў яе за мяжу?

  • Яму 41 год;
  • закончыў фізыка-матэматычны факультэт БДУ;
  • цягам 20 гадоў займаўся вырабам дзіцячай парнаграфіі, чым зарабляў на жыцьцё;
  • жыў у некалькіх краінах сьвету, трапіў у скандал зь дзіцячым порна ў Камбоджы, але здолеў пазьбегнуць пакараньня;
  • ва Ўкраіне быў асуджаны за распаўсюд парнаграфіі, адбыў пакараньне і вярнуўся ў Беларусь, дзе працягваў злачынную дзейнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG