Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Буду езьдзіць на адпачынак толькі туды, дзе разумеюць па-расейску», — Ярмошына


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына 8 ліпеня вярнулася на працу пасьля летніх вакацыяў.

«Адпачывала ў горадзе Сьветлагорску Калінінградзкай вобласьці. Я тут традыцыйна наймаю нумар у гатэлі і жыву каля мора. Па дарозе заехала ў Калінінград, дзе я калісьці скончыла юрыдычны факультэт унівэрсытэту. Пабачыла некалькі сябровак яшчэ з тых студэнцкіх часоў», — распавяла Ярмошына Свабодзе.

На пытаньне, чаму яна не працягвае падарожжы па Эўропе, куды ёй быў доўгі час забаронены ўезд і куды яна нарэшце зьезьдзіла пасьля адмены забароны, чыноўніца адказала, што ў яе скончылася шэнгенская віза.

«Чэсна скажу, у мяне скончыўся тэрмін візы. І я ўжо не пляную яе працягваць. Буду па-ранейшаму езьдзіць на адпачынак адна і толькі туды, дзе разумеюць па-расейску. Усё ж быць адной за мяжой ды пры гэтым мець праблемы з мовай цяжка».

ЦВК рыхтуецца да парлямэнцкіх выбараў, але дата іх дагэтуль невядомая

Сёньня ж Ярмошына правяла нараду ў ЦВК.

«Працуем над дакумэнтамі. Рыхтуем першае пасяджэньне, якое пройдзе адразу пасьля абвяшчэньня даты выбараў. Мы ня ведаем, калі канкрэтна пачнецца ў нас выбарчая кампанія, хоць разумеем, што знаходзімся ўжо дзесьці напярэдадні яе. Дакладная дата вызначыцца тады, калі я траплю на даклад да кіраўніка дзяржавы. Я чакаю гэтай сустрэчы», — сказала старшыня Цэнтравыбаркаму.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў зьбіраюцца праводзіць у лістападзе 2019 году. Афіцыйна іх павінны абвясьціць не пазьней як за тры месяцы да дня правядзеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG