Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO вырашыла, як адкажа на выхад Расеі з дамовы аб ракетах


NATO разгледзіць магчымасьць мадэрнізацыі сваіх сыстэм супрацьракетнай абароны ў якасьці адказу на разгортваньне новай расейскай ракеты сярэдняй далёкасьці і маючы адбыцца ў пачатку жніўня выхад Масквы з дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці ад 1987 году.

Люстраны адказ Маскве, які палягаў бы ў стварэньні ўласных ракетных сродкаў наземнага базіраваньня, у трансатлянтычным саюзе лічаць малапрывабнай альтэрнатывай, паведамляе The New York Times са спасылкай на словы некалькіх эўрапейскіх прадстаўнікоў.

Цяпер сыстэма ПРА заходняга альянсу нацэлена на нэўтралізацыю пагроз на ракетных напрамках па-за зонай адказнасьці NATO, перш за ўсё, з боку Ірану. Пераарыентацыя супрацьракетнай абароны на Расею можа выклікаць глыбокі раскол ўнутры саюзу, ня кажучы ўжо пра рэзка адмоўную рэакцыі Крамля, які даўно сьцьвярджае, што натаўскі комплекс ПРА ў Румыніі і будаваны аб’ект у Польшчы накіраваныя супраць ракетнага арсэналу РФ і ўяўляюць сабой крыніцу нестабільнасьці ў Эўропе.

«Гэта непапраўна сапсуе адносіны з Масквой і абернецца рэальнай эскаляцыяй напружанасьці», — прыводзіць The New York Times меркаваньне былога адказнага супрацоўніка Пэнтагону Джэймса Таўнсэнда.

Злучаныя Штаты, заручыўшыся падтрымкай NATO, аб’явілі ў лютым, што выходзяць з Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці з прычыны яго парушэньняў расейскім бокам. Пасяджэньне Рады NATO, якое цяпер праходзіць у Брусэлі, дае Маскве апошні шанец выратаваць дамову, зьняўшы з узбраеньня крылатую ракету 9М729 «Наватар», адзначаюць крыніцы The New York Times.

Як піша газэта, калі 29 членаў альянсу ня змогуць дамовіцца аб перапрафіляваньні ПРА, якая процістаіць міжкантынэнтальным балістычным сыстэмам, дык у іх застанецца кампрамісны варыянт у выглядзе стварэньня комплексаў па перахопе расейскіх крылатых ракет. Гэтыя комплексы, як мяркуецца, будуць забясьпечаныя сучаснымі сродкамі паражэньня, якія выкарыстоўваюць мікрахвалёвую і накіраваную лязэрную энэргію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG