Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-генпракурор Украіны: Заказчык забойства Паўла Шарамета займае досыць высокую пасаду


Машына, на якой ехаў Павел Шарамет, пасьля выбуху.

Да забойства журналіста Паўла Шарамета можа быць датычны адзін з народных дэпутатаў Украіны, які і цяпер займае досыць высокую пасаду, заявіў былы ўкраінскі генпракурор Віктар Шокін у інтэрвію інтэрнэт-выданьню «Страна.ua».

«Прозьвішча публічна называць я ня буду. Але я мяркую і, як казаў раней, практычна ўпэўнены... Каб сказаць з гарантыяй, неабходна правесьці сьледчыя дзеяньні пэўнага характару», — адзначыў Шокін, які ўзначальваў генпракуратуру Украіны зь лютага 2015 па красавік 2016 году.

«Прычым там зусім няшмат патрэбна зрабіць. Я ўжо прапаноўваў, што для гэтага неабходна — проста вярнуць групу, якая расьсьледавала справу аб забойстве журналіста Георгія Гангадзэ, — сказаў далей экс-генпракурор. — Тыя, хто вядуць справу Шарамета, мяне выдатна зразумелі. Я сустракаўся з калегамі, якія вялі гісторыю па Гангадзэ, — яны лічаць, што ў маіх словах ёсьць, як мінімум, значная доля праўды. Гэта ня 100%, і трэба гэта праверыць — усё зойме месяц, ня больш. Тады можна было б паставіць кропку ў гэтай справе. Сувязь паміж гэтымі справамі, хутчэй за ўсё, ёсьць».

44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павел Шарамет, які працаваў у мэдыях Беларусі, Расеі і Ўкраіны, загінуў 20 ліпеня 2016 года, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.

Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасьць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасьля высьветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны распачала крымінальную справу па артыкуле «Наўмыснае забойства». Да расьсьледаваньня падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасьці асноўнай вэрсіі забойства разглядалася помста за прафэсійную дзейнасьць. Сьледства таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, па асабістых матывах або па памылцы (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца «Украінскай праўды» Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі ехаў Шарамет у момант трагедыі).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG