Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы — Зяленскаму: беспакаранасьць забойцаў Шарамета запалохвае іншых журналістаў


Акцыя «ГодбязПаўла» ў Кіеве, прысьвечаная памяці журналіста Паўла Шарамета. Кіеў, 20 ліпеня 2017 году
Акцыя «ГодбязПаўла» ў Кіеве, прысьвечаная памяці журналіста Паўла Шарамета. Кіеў, 20 ліпеня 2017 году

Міжнародны Камітэт абароны журналістаў папрасіў Зяленскага забясьпечыць расьсьледаваньне забойства Паўла Шарамета.

Забясьпечыць хуткае і дакладнае расьсьледаваньне забойства беларускага ў ўкраінскага журналіста Паўла Шарамета і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці заклікала новага прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага міжнародная арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» (яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Нью-Ёрку).

У лісьце, апублікаваным на сайце арганізацыі, яе выканаўчы дырэктар Джоэл Сайман настойліва рэкамэндуе Зяленскаму ўдзяляць першачарговую ўвагу свабодзе СМІ.

«У апошнія гады шэраг украінскіх журналістаў зазналі рэпрэсіўныя напады за свае рэпартажы, што сьведчыць пра пагаршэньне сытуацыі са свабодай слова ў краіне. Найбольш паказальным зьяўляецца выпадак з журналістам-дасьледчыкам Паўлам Шараметам, які быў забіты ў выніку падрыву аўтамабіля ў Кіеве 20 ліпеня 2016 году», — піша Сайман.

Ён падкрэсьлівае, што камітэт неаднаразова заклікаў украінскую ўладу правесьці дбайнае незалежнае расьсьледаваньне і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых, у тым ліку замоўніткаў. Тым ня менш, пад час прэзыдэнцтва Парашэнкі ў расьсьледаваньні не было прагрэсу, а ўлады абмежавалі доступ да інфармацыі пра расьсьледаваньне.

Беспакаранасьць забойцаў, падкрэсьлівае Сайман, ёсьць фактарам запалохваньня журналістаў, асабліва тых, хто «асьвятляе патэнцыйна далікатныя і гучныя справы». Камітэт просіць Зяленскага знайсьці злачынцаў, у тым ліку забойцаў Шарамета, і «абараніць прастору для крытычнай і незалежнай журналістыкі».

Журналіст Павал Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку падрыву аўтамабіля. Украінская ўлада кваліфікуе гібель журналіста як наўмыснае забойства.

Летась генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка ўжо заяўляў, што ў расьсьледаваньні справы аб гібелі Паўла Шарамета зьявілася «нітачка», за якой ідуць «актыўныя сьледчыя дзеяньні». Але праз некалькі месяцаў пасьля гэтага ўдакладніў, што «нітачка» ня дала вынікаў.

Пытаньне, чаму да гэтага часу не расьсьледавана забойства Шарамета, было зададзена падчас дэбатаў, якія 19 красавіка на стадыёне «Алімпійскі» ў Кіеве правялі кандыдаты ў прэзыдэнты Ўкраіны Пятро Парашэнка і Ўладзімір Зяленскі. Гэта было адно з пытаньняў, якія ад імя выбарнікаў зачытаў Зяленскі, зьвяртаючыся да Парашэнкі: «Чаму падпальшчыкаў крамы Roshen знайшлі за чатыры гадзіны, а падпальшчыкаў вайсковых складоў і ўзрывальнікаў машыны Шарамета ня могуць знайсьці некалькі гадоў?» Парашэнка на пытаньне не адказаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG