Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для аўтобусаў у Салігорску кандыцыянэры «не прадугледжаныя»


Ілюстрацыйнае фота

Салігорскі філіял «Аўтобусны парк № 1» ААТ «Менаблаўтатранс» паведаміў, што ў ніводным з аўтобусаў, якія абслугоўваюць гарадзкія маршруты, няма кандыцыянэраў. Нібыта іх усталяваньне заводам-вытворцам «не прадугледжана».

Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які атрымаў на свой запыт актывіст Павал Батуеў.

Ён зьвярнуўся ў салігорскі аўтапарк пасьля выпадку, калі дзіця ў Гомлі ад сьпёкі ў аўтобусе страціла прытомнасьць.

Салігорскі аўтобусны парк паведаміў, што ў гэтым годзе плянуецца набыць новыя аўтобусы МАЗ-103, «у якіх таксама адсутнічаюць кандыцыянэры».

Філіял «Аўтобусны парк № 1» піша, што неаднаразова зьвяртаўся да завода-вытворцы з просьбай паставіць сыстэмы кандыцыянаваньня на новыя аўтобусы, аднак «заводам-вытворцам канструктыўна не прадугледжана ўстаноўка такога абсталяваньня на гарадзкія аўтобусы».

Разам з тым у каталёгу Менскага аўтамабільнага заводу заяўленая магчымасьць паставіць кандыцыянэр у аўтобус МАЗ-103 па жаданьні пакупніка. Напрыклад, 77 аўтобусаў гэтай мадэлі з кандыцыянэрамі ў салёнах у 2014 годзе зрабілі для расейскага гораду Сочы.

Перад Эўрапейскімі гульнямі ў некаторых менскіх аўтобусах, якія езьдзяць па праспэкце Пераможцаў (на гэтай вуліцы адразу некалькі спартовых арэн), запрацавалі кандыцыянэры. Шмат гадоў менчукі ўлетку скардзяцца на сьпёку ў транспарце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG