Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада ня будзе прызнаваць расейскія пашпарты, выдадзеныя жыхарам Данбасу


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і міністарка замежных справаў Канады Хрысьця Фрылэнд

Канада ня будзе прызнаваць пашпарты РФ, выдадзеныя грамадзянам Украіны — жыхарам падкантрольных прарасейскім сэпаратыстам раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей.

Пра гэта заявіла міністарка замежных справаў Канады Хрысьця Фрылэнд — паведамляе Міжнароднае Радыё Канады.

Яна падкрэсьліла, што выдачу расейскіх пашпартоў у Данбасе Канада лічыць чарговым актам агрэсіі Расеі супраць Украіны. Паводле Фрылэнд, улады краіны робяць «канкрэтныя крокі», каб жыхары Данбасу, якія атрымалі расейскія пашпарты, не маглі па іх уехаць у Канаду.

Пры гэтым яна падкрэсьліла, што гэтыя захады не накіраваныя ні супраць грамадзян Расеі ў цэлым, ні супраць жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей, якія па-ранейшаму змогуць прыяжджаць у Канаду, выкарыстоўваючы ўкраінскія пашпарты.

Няясна, як менавіта канадзкія ўлады будуць адрозьніваць ураджэнцаў Данбасу, якія атрымалі расейскае грамадзянства ў ранейшыя гады, ад жыхароў так званых «ДНР» і «ЛНР», якім пачалі выдаваць расейскія пашпарты ў спрошчаным парадку з чэрвеня 2019 году на загад Уладзіміра Пуціна.

Раней пра тое, што расейскія пашпарты, выдадзеныя такім чынам жыхарам Данбасу, могуць быць непрызнаныя, заяўлялі прадстаўнікі Эўразьвязу. Ні пра якія рашэньні ў гэтым пытаньні, аднак, не абвяшчалася.

Заява Фрылэнд была зробленая на фоне візыту ў Канаду прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо на сустрэчы зь Зяленскім паабяцаў працягнуць палітыку санкцый у дачыненьні да Расеі ў сувязі зь яе дзеяньнямі супраць Украіны і, у прыватнасьці, уводзіць санкцыі супраць расейскіх «афіцыйных асобаў». Зяленскі назваў Канаду «сябрам Украіны».

Выступаючы на канфэрэнцыі ў пытаньнях рэформаў ва Ўкраіне ў Таронта, Зяленскі падкрэсьліў, што пытаньне завяршэньня канфлікту ў Данбасе — ключавое ня толькі для Ўкраіны, але і для ўсяго сьвету. Зяленскі выступаў на ўкраінскай мове, падкрэсьліўшы, што яна шырока распаўсюджаная ў Канадзе, дзе жыве шматлікая ўкраінская дыяспара.

Прэзыдэнт Украіны таксама сустрэўся з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША па Ўкраіне Куртам Ўокерам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG