Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закрылася турма, дзе сядзелі Танк, Дзяржынскі, Гарэцкі і Бэгін


Турма Лукішкі ў Вільні
Турма Лукішкі ў Вільні

Як паведаміла Міністэрства юстыцыі Літвы, 2 ліпеня самая старая літоўская турма афіцыйна спыняе сваё існаваньне, а апошнія зьняволеныя пакінулі турэмныя памяшканьні ў панядзелак 1 ліпеня.

Большая частка зьняволеных працягнуць адбываць турэмныя тэрміны ў сьледчых ізалятарах Коўна і іншых гарадоў Літвы, а таксама ў новым корпусе калёніі на вуліцы Росы ў Вільні.

Ад пачатку году каля 600 зьняволеных, што адбывалі тэрмін у Лукіскай турме, былі перавезены ў іншыя месцы пазбаўленьня волі. Паводле міністра юстыцыі Эльвінаса Янкявічуса, турэмны рэжым застанецца ранейшым, а пасьля закрыцьця турмы ніхто не павінны страціць працу.

Паводле плянаў, турэмны комплекс з усімі яго будынкамі пяройдзе ў валоданьне Банку маёмасьці (літ. Turto bankas), які ўжо будзе вырашаць, ці выставіць яго на продаж, ці выкарыстоўваць для дзяржаўных праектаў.

На працягу наступных двух тыдняў павінна адбыцца грамадзкае абмеркаваньне ў справе будучага лёсу турэмных памяшканьняў, вынікі якога могуць паўплываць на рашэньне банку. Сам міністар юстыцыі спадзяецца, што грошы, атрыманыя з продажу аб’екту пойдуць на паляпшэньне й мадэрнізацыю дзяржаўнай сыстэмы пакараньня.

Лукіская турма — самы стары пэнітэнцыярны комплекс на тэрыторыі Літвы, які існаваў 115 гадоў. Турма была пабудавана ў 1901 годзе паводле ўказу расейскага цара Мікалая II і атрымала імя «Турэмны замак». З таго часу яна знаходзіцца ў самым цэнтры Вільні, побач зь літоўскім Соймам, Найвышэйшым судом Літвы й бібліятэкай імя Марцінаса Мажвідаса.

Комплекс турмы з 2002 году ўнесены ў сьпіс аб’ектаў культурнай спадчыны Літвы. У гэты комплекс уваходзяць адміністрацыйныя ды прамысловыя будынкі, шпіталь і праваслаўная царква сьвятога Мікалая Цудатворца.

На працягу ХХ стагодзьдзя ў турме адбывалі тэрмін такія вядомыя беларусы як навуковец Барыс Кіт, драматург Францішак Аляхновіч, паэт Максім Танк, пісьменьнік Максім Гарэцкі, дырыгент Рыгор Шырма. Сярод іншых вядомых зьняволеных — заснавальнік савецкай сакрэтнай паліцыі ЧК Фэлікс Дзяржынскі і шосты прэм’ер-міністар Ізраілю Мэнахэм Бэгін.

У розныя часы гэтая турма выкарыстоўвалася царскімі, польскімі, нямецкімі, савецкімі ды літоўскімі ўладамі, пакуль у 2007 годзе не пачаліся размовы аб закрыцьці турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG