Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook абвясьціў плян барацьбы са «шкодным кантэнтам»


Facebook logo is displayed during the F8 Facebook

Кампанія Facebook апублікавала плян захадаў супраць распаўсюду «шкодных зьвестак» па выніках «аўдыту грамадзянскіх правоў», праведзенага ў мінулым траўні.

Першая частка аналізу вынікаў таго аўдыту была апублікаваная ў мінулым сьнежні. Тады кампанія факусавалася на праблемах, зьвязаных з выбарамі ў Злучаных Штатах, напрыклад заклікамі не галасаваць і заблытваньнем у тым, як галасаваць.

Цяпер кампанія абяцае «абараніць выбары» прэзыдэнта ЗША ў 2020 годзе з дапамогай каманды інжынэраў, навукоўцаў і юрыстаў — новыя правілы абяцаюць дапрацаваць да выбараў губэрнатараў у 2019 годзе. Таксама Facebook абяцае паставіцца да перапісу насельніцтва ў ЗША, «як да выбараў».

Кіраўніцтва сацсеткі расказвае, што працягвае барацьбу са «шкодным кантэнтам». Так, кампанія стала блякаваць прыхільнікаў «перавагі белай расы» і тых, хто ўсхваляе такія погляды, нават тады, калі яны не ўжываюць фразы кшталту «перавага белай расы» («white supremacy», «white nationalism» або «white separatism»).

Таксама Facebook зьбіраецца не дазваляць ладзіць праз сваю сацсетку акцыі, накіраваныя на зьнявагу людзей паводле іхнай расы, рэлігіі або іншых аспэктаў ідэнтычнасьці. Таксама абяцаюць блякаваць пасты людзей, якія заклікаюць ужываць зброю для такой зьнявагі.

Самым важным анонсам у кампаніі называюць «фармалізацыю» каманды «спэцназу грамадзянскіх правоў», якая будзе сачыць за эфэктыўнасьцю захадаў Facebook у палітыцы адносна кантэнту, «справядлівасьці штучнага інтэлекту», у галінах прыватнасьці і выбараў.

Facebook раней абвясьціў аб супрацы з праваабаронцамі ў аналізе рэклямы, зьвязанай з жытлом, працай і крэдытамі ў ЗША. Кампанія ня хоча, каб праз рэкляму такіх справаў дыскрымінавалі карыстальнікаў паводле расы, рэлігіі, узросту або гендэру. Карыстальнікам абяцаюць даць інструмэнт для пошуку рэклямы жытла па ўсёй краіне, незалежна ад таго, якія абвесткі хочуць паказаць чалавеку рэклямадаўцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG