Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пяць гадоў у сьвеце загінулі і прапалі бязь вестак больш за 32 тысячы мігрантаў


Ілюстрацыйнае фота. Мігранты ў Міжземным моры, 2016 год
Ілюстрацыйнае фота. Мігранты ў Міжземным моры, 2016 год

Больш за 32 тысячы мігрантаў загінулі або прапалі бязь вестак у 2014–​2018 гадах, прычым найбольш сьмяротных выпадкаў было​ на шляху з Паўночнай Афрыкі ў Эўропу празь Міжземнае мора, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на Міжнародную арганізацыю міграцыі (МАМ).

Міграцыйнае агенцтва ААН адзначае, што сабраныя ўва ўсім сьвеце зьвесткі недаацэньваюць сапраўдныя маштабы праблемы, бо пра многія выпадкі гібелі мігрантаў ніколі не паведамляюць, а многія целы так і не знаходзяць. Тым ня менш апублікаваная статыстыка малюе вельмі змрочную карціну для сотняў тысяч уцекачоў і мігрантаў, якія сьмяротна рызыкуюць, выпраўляючыся ў шлях у пошуках абароны або лепшага жыцьця.

У дакладзе МАМ гаворыцца, што за названы пэрыяд у Міжземным моры загінулі або зьніклі каля 18 тысяч чалавек. Целы амаль дзьвюх трацін гэтых ахвяраў так і не былі знойдзеныя. Пераважную большасьць з 2200 мігрантаў, якія загінулі ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, складаюць уцекачы народу рагінг’я з М’янмы, а большасьць з 288 сьмяротных выпадкаў у Паўднёвай Азіі прыпадае на мігрантаў з Аўганістану.

Нядаўні супольны даклад МАМ і ЮНІСЭФ на тую ж тэму прысьвечаны ўсё большай колькасьці дзяцей, якія становяцца мігрантамі і выпраўляюцца ў небясьпечны шлях.

Сабраныя зьвесткі паказваюць, што ў пэрыяд з 2014-га па 2018 год загінулі або прапалі бязь вестак каля 1600 дзяцей — у сярэднім прыкладна па адным у дзень. Дасьледнікі адзначаюць, што сапраўдныя маштабы гэтай трагедыі невядомыя, бо ў многіх выпадках гібель дзяцей мігрантаў нідзе не рэгіструецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG