Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз і Іран запусьцілі новы фінансавы мэханізм разьлікаў для абыходу санкцый ЗША


Ілюстрацыйнае фота. Сьцягі Эўразьвязу і Ірану
Ілюстрацыйнае фота. Сьцягі Эўразьвязу і Ірану

Праз створаны Францыяй, Вялікай Брытаніяй і Нямеччынай мэханізм Instex для гандлю з Іранам ужо правялі першыя фінансавыя трансакцыі, паведамілі 28 чэрвеня прадстаўнікі Эўразьвязу пасьля кансультацый па іранскай ядзернай праграме, піша Reuters.

Задача гэтага эўрапейскага фінансавага мэханізму зьнешнегандлёвых разьлікаў — абарона удзельнікаў угодаў з Іранам ад амэрыканскіх санкцыяў.

Пакуль мэханізм выкарыстоўваюць толькі для гуманітарных патрэбаў, потым плянуецца адкрыць яго для бізнэсу. Агенцтва Reuters адзначае, што Instex зьяўляецца хутчэй палітычным сыгналам: цалкам пакрыць страты ад амэрыканскіх санкцыяй ён ня зможа.

Між тым у пачатку ліпеня Іран мае намер выканаць свае пагрозы і адмовіцца ад яшчэ адной частцы абавязацельстваў па ядзерным пагадненьні. 7 ліпеня краіна зробіць новыя крокі з тым каб скараціць свае абяцаньні, якія датычацца пагадненьня 2015 году.

  • Пагадненьне, падпісанае ў 2015 годзе Вялікай Брытаніяй, Нямеччынай, Кітаем, Расеяй, Францыяй і ЗША з аднаго боку і Іранам — з другога, прадугледжвала зьняцьце з Тэгерану эканамічных санкцый ЗША і Эўразьвязу наўзамен на згортваньне іранскімі ўладамі ядзернай праграмы.
  • У пачатку траўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб выхадзе ЗША зь ядзернага пагадненьня. Потым Вашынгтон пашырыў санкцыі супраць Ірану і запатрабаваў ад дзяржаў-саюзьнікаў спыніць купляць у яго нафту пад пагрозай санкцыяў у дачыненьні да кампаній-закупнікоў.
  • Іран у адказ паскардзіўся ў Міжнародны суд ААН, а таксама абвясьціў, што калі экспарт іранскай нафты будзе заблякаваны, то ён перакрые пастаўкі нафты на міжнародны рынак праз Армузскі праліў. Праз гэты праліў ідзе каля 20 адсоткаў усяго сусьветнага экспарту нафты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG