Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі надаў грамадзянства Ўкраіны двум беларускім добраахвотнікам


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб прадстаўленьні ўкраінскага грамадзянства 14 замежным грамадзянам, якія абаранялі тэрытарыяльную цэласнасьць краіны на Данбасе.

Сярод тых грамадзян, «прыняцьце якіх ва ўкраінскае грамадзянства ўяўляе дзяржаўны інтарэс» (такім чынам сфармулявана ва ўказе прэзыдэнта), ёсьць і два грамадзяніна Беларусі — гамяльчук Рудольф Егарэнка і Дзьмітры Белагорцаў (ваявалі ў батальёне «Данбас») .

У жніўні 2016 году, пасьля некалькіх марных зваротаў да ўладаў Украіны аб наданьні ўкраінскага грамадзянства, Дзьмітры Белагорцаў разам з другім беларускім добраахвотнікам з пазыўным «Рустам Док» нелегальна перайшлі мяжу Ўкраіны з Польшчай, і зьвярнуліся да польскіх уладаў па прытулак. У лютым 2017 году Польшча абодвум беларусам надала статус уцекача.

«Аб тым, што рыхтуецца дакумэнт аб грамадзянстве, я ня ведаў. Пакуль я ня ведаю, што рабіць і як на гэта рэагаваць», — сказаў Свабодзе Дзьмітры Белагорцаў. У Польшчы ён ужо мае працу і іншыя абавязацельствы.

У 2014 годзе тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам надаў грамадзянства Сяргею Кароткіх (былая мянушка «Малюта», у добраахвотніцкім батальёне «Азоў» ён меў пазыўны «Боцман»), які, паводле некаторых зьвестак, магчыма, быў зьвязаны з прарасейскай фашыстоўскай арганізацыяй РНЕ.

Усе іншыя грамадзяне Беларусі, якія ваявалі ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў на Данбасе, не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Ўкраіне.

Раней народная дэпутатка Ўкраіны Натальля Весялова зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з просьбай даць украінскае грамадзянства беларусу Дзьмітрыю Палойку.

На пачатку чэрвеня партыя «Нацыянальны корпус» разам з замежнымі добраахвотнікамі, у тым ліку і беларусамі, якія ваявалі на Данбасе ў складзе ўрадавых сілаў, пікетавалі адміністрацыю прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага з патрабаваньнем надаць ім украінскае грамадзянства.

6 чэрвеня Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў шэраг законаў аб прававым статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія ўдзельнічаюць у абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Паводле закону, для гэтай катэгорыі грамадзян уводзіцца спрошчаная працэдура атрыманьня грамадзянства. Але прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пакуль яго не падпісаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG