Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія добраахвотнікі пасьля адмовы ў легалізацыі ва Ўкраіне атрымалі статус уцекача ў Польшчы


Два беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі на баку Ўкраіны на Данбасе, пасьля некалькіх няўдалых спроб легалізавацца ва Ўкраіне, атрымалі статус уцекачоў у Польшчы.

«Пачынаю новае жыцьцё. Пакуль пляную найперш знайсьці працу», — паведаміў Радыё Свабода адзін з добраахвотнікаў, які ваяваў пад пазыўным «Рустам Док». Нягледзячы на атрыманьне статусу ўцекача ў Польшчы, ён, як і раней, не называе сваё прозьвішча.

Рустам Док да верасьня 2014 году быў сувязістам у складзе добраахвотніцкага батальёну «Данбас», забясьпечваў сувязь батальёну ў часе баявых дзеяньнях пад Ілавайскам, а пазьней — у Песках.

«Літаральна адразу ж улады Ўкраіны ўзялі мае дадзеныя нібыта для наданьня ўкраінскага грамадзянства і выдачы афіцыйных дакумэнтаў жаўнера Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны і ўвосень таго самага году гэтыя самыя дадзеныя апынуліся ў руках у сэпаратыстаў і ў інтэрнэце. Праз гэта на маёй вучобе, працы, кватэры і жыцьці ў Беларусі можна было паставіць крыж. Вярнуцца можна было толькі ў турму», — сказаў ён.

Беларускі добраахвотнік нагадаў, што неаднаразова падаваў дакумэнты на ўкраінскае грамадзянства, а пазьней і на атрыманьне статусу ўцекача, але ўкраінская міграцыйная служба яму адмовіла.

«Таму ў жніўні 2016 году мне давялося нелегальна перайсьці мяжу з Польшчай, а пасьля тыднёвага маршу па лесе і гарах ужо на польскім баку зьвярнуцца з просьбай пра прытулак. Сёньня я атрымаў ліст аб тым, што Рэспубліка Польшча, чужая раней краіна, за якую я не ваяваў і для якой я быў ніхто, надала мне статус уцекача, за што я вельмі ўдзячны», — адзначыў Рустам Док.

Другі добраахвотнік чакае выдачы афіцыйнага дакумэнту. Пісьмовае пацьвярджэньне адпаведнага рашэньня польскіх уладаў ён ужо атрымаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG