Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенец паставіў намёт перад раённай адміністрацыяй, каб атрымаць арэнднае жытло


Аляксандар Лаўрэнцьеў. Фота Hrodna.Life
Аляксандар Лаўрэнцьеў. Фота Hrodna.Life

Сябар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Лаўрэнцьеў паставіў намёт перад будынкам адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Горадні, каб прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы з жытлом. Праз паўтары гадзіны яму прапанавалі іншае жытло.

«Грошы на Эўрагульні — гэта 3 тысячы кватэр»

27-гадовы мужчына зладзіў пэрформанс 24 чэрвеня, каб паказаць, што намёт — найбольш даступны для яго цяпер варыянт жытла.

«У нас не хапае жытла для маладых семʼяў. А нашая дзяржава аддае па 100 мільёнаў даляраў на Эўрагульні. Гэта 3 тысячы кватэр, калі лічыць па 500 даляраў за мэтар», — тлумачыць Аляксандар.

Цяпер Аляксандар жыве з жонкай, двума дзецьмі 3 і 5 гадоў і сваёй маці ў аднапакаёўцы плошчай 34,5 квадрата. Ён кажа, што гэта вельмі мала для такой колькасьці людзей. Празь цеснату сваякі канфліктуюць паміж сабой.

Больш за пяць гадоў маладая сямʼя стаіць на чарзе на новае жытло. Кажуць, што наймаць асобную кватэру для іх дорага. Муж і жонка па адукацыі кухары, працавалі па прафэсіі. Ад нядаўняга часу Аляксандар — беспрацоўны. Працы, ад якой бы прапаноўвалі пакой у інтэрнаце і добры заробак, сужонкі не знайшлі. Або не даюць жытла, або прапануюць заробак у 300 рублёў.

Лаўрэнцьеў спрабуе атрымаць арэндную кватэру зь мінулага году, заяўку падаваў ужо сем разоў. Ён кажа, што арэнднае жытло плошчай да 50 квадратаў выйдзе нават таньнейшым за інтэрнат: да 150 рублёў за месяц — супраць 180 рублёў, гэта без уліку камунальных паслугаў.

«Намёт у нас не забаронена ставіць»

Амаль адразу пасьля пачатку пэрформанса да Лаўрэнцьева падышлі міліцыянты і перапісалі ягоныя пашпартныя дадзеныя, але не затрымлівалі.

«Намёт у нас не забаронена ставіць. Не было ніякіх транспарантаў, лёзунгаў», — кажа Аляксандар.

Лаўрэнцьеў на прыёме ў кіраўніка адміністрацыі Алега Бялінскага разам з паплечнікам па партыі Мікалаем Салянікам
Лаўрэнцьеў на прыёме ў кіраўніка адміністрацыі Алега Бялінскага разам з паплечнікам па партыі Мікалаем Салянікам

Праз гадзіну кіраўнік адміністрацыі Алег Бялінскі запрасіў Аляксандра Лаўрэнцьева на размову наконт жытла. Прапанаваў трохпакаёвую кватэру бяз ваннага пакою і прыбіральні. Палепшыць умовы могуць самі жыхары. Аднак Лаўрэньцьеў адмовіўся ад такога варыянту, бо даводзіць кватэру да ладу цяпер няма за што. Укласьці ў рамонт, мяркуе ён, давялося б сама меней 2 тысячы рублёў.

Лаўрэнцьевы падалі заяўку на іншую кватэру з выгодамі ў новым мікрараёне Горадні і чакаюць на пачатку ліпеня паседжаньня камісіі, якая вызначыць, каму дастанецца гэтае арэнднае жытло.

Фота — ­Hrodna.Life

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG