Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская дэлегацыя спыніла працу ў ПАРЭ як пратэст супраць вяртаньня Расеі


Заля пасяджэньняў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы

Украінская дэлегацыя ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы афіцыйна абвясьціла пра рашэньне спыніць працу ў Асамблеі ў знак пратэсту супраць вяртаньня расейскай дэлегацыі.

Пра гэта паведаміў ў «Фэйсбуку» кіраўнік украінскай дэлегацыі Ўладзімір Арыеў.

Арыеў удакладніў, што ўкраінская дэлегацыя вырашыла спыніць удзел у працы ПАРЭ, акрамя пытаньняў, зьвязаных з пазбаўленьнем паўнамоцтваў расейскай дэлегацыі.

Ён таксама напісаў, што дэлегацыя зьвярнулася да Вярхоўнай Рады з прапановай тэрмінова разгледзець пытаньне спыненьня ўдзелу Ўкраіны ў ПАРЭ ў далейшым. Дадаткова дэлегацыя зьвярнулася да прэзыдэнта і Міністэрства замежных справаў Украіны з просьбай неадкладна выпрацаваць дакладную пазыцыю наконт далейшага ўдзелу Ўкраіны ў органах Рады Эўропы.

У ноч на 25 чэрвеня ПАРЭ прыняла рэзалюцыю аб зьмене санкцыйных механізмаў, у якой запрасіла Расею вярнуцца да працы ў Асамблеі без абмежаваньняў права голасу.

Правы Расеі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы абмяжоўвалі двойчы ў 2014-м і 2015 гадах за анэксію Крыму і падтрымку ўзброеных сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Расейскую дэлегацыю пазбавілі права голасу, а таксама права ўдзельнічаць у выбарах кіраўніцтва ПАРЭ, судзьдзяў Эўрапейскага суду ў правах чалавека і кіраўніка камісіі правоў чалавека.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG