Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вырашыў выслаць зь Беларусі расейца, які пражыў тут 26 гадоў


Уладзімер Траўтэр
Уладзімер Траўтэр

Суд Буда-Кашалёўскага раёну (Гомельская вобласьць) не задаволіў скаргу грамадзяніна Расеі Ўладзімера Траўтэра на дзеяньні супрацоўнікаў аддзяленьня па грамадзянстве і міграцыі. Расейца, які пражыў у Беларусі 26 гадоў, міліцыя высылае за правапарушэньні.

21 чэрвеня на судзе выступілі сьведкі — сваякі, сябры і калегі Ўладзімера Траўтэра. Усе характарызавалі яго станоўча — як добрага мужа, сына, работніка.

Уладзімер працуе жывёлаводам. Ягоны брыгадзір хваліў на судзе свайго падначаленага, казаў, што нават а трэцяй гадзіне ночы падымі Ўладзімера — зробіць любую працу. Брыгадзір прасіў пакінуць добрага работніка ў гаспадарцы, даць яму шанец. Тым больш расеец пражыў тут шмат гадоў, мае жонку, сына, хворых бацькоў, сталую працу, вялікую гаспадарку, крэдыты.

«Суд стаў на бок міліцыі. Судзьдзя патлумачыла, што парадак высылкі не парушаны з боку супрацоўнікаў РАУС. Судзьдзя не ўлічыла чалавечы фактар — што Ўладзімер тут мае сям’ю, пражыў тут усё сьвядомае жыцьцё, а ў Расею яму проста няма куды ехаць», — зазначыў прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка. Ён прадстаўляў інтарэсы Траўтэра ў судзе.

Цяпер расеец будзе падаваць скаргу ў Гомельскі абласны суд.

Аддзяленьне па грамадзянстве і міграцыі Буда-Кашалёўскага РАУС прыняло рашэньне аб высылцы грамадзяніна РФ зь Беларусі з забаронай уезду на пяць гадоў за правапарушэньні.

У лютым 2019 году Траўтэра спынілі супрацоўнікі ДАІ за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане. Другое правапарушэньне — размова па тэлефоне падчас руху на аўтамабілі.

Расеец прызнае сваю віну, але ён сплаціў буйны штраф, пазбавіўся правоў кіроўцы на тры гады. «Я раскайваюся і прашу, каб мяне пакінулі зь сям’ёй у Беларусі. Мне няма куды ехаць. Я з 1993 году жыву ў Беларусі», — казаў на судзе Ўладзімер.

За Траўтэра ўступілася кіраўніцтва КСУП «Губічы», дзе ён працуе. Хадайніцтва аб тым, каб расейца пакінулі ў Беларусі, падпісалі 67 жыхароў вёскі Губічы.

Ад сьнежня 2018 году ў Гомельскай вобласьці трое грамадзян Расеі скончылі жыцьцё самагубствам праз высылку за правапарушэньні. У аднаго зь іх, які раней жыў у Буда-Кашалёўскім раёне, засталіся сіротамі шасьцёра дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG