Лінкі ўнівэрсальнага доступу

300 расейскіх вайскоўцаў прыехалі ў Менск на парад З ліпеня


Расейцы на рэпэтыцыі вайсковага параду ў Менску, 2015 год

Расейскія вайскоўцы 21 чэрвеня прыбылі ў Менск для ўдзелу ў парадзе на Дзень незалежнасьці Беларусі 3 ліпеня, паведамілі БЕЛТА ў Мінабароны.

У пешым парадзе прымуць удзел вайскоўцы гвардзейскай Кантэміраўскай танкавай дывізіі 1-й гвардзейскай танкавай арміі. У складзе мэханізаванай калёны пройдуць апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр» і бронетранспартэры БТР-82А. У паветраным парадзе паўдзельнічаюць расейскія выведна-ўдарныя верталёты Ка-52 з брыгады вайсковай авіяцыі Заходняй вайсковай акругі.

Агулам у парадзе 3 ліпеня возьмуць удзел 300 расейскіх вайскоўцаў. Таксама запрошаныя прадстаўнікі войскаў яшчэ сямі замежных дзяржаў.

Парад пачнецца ў 21.00. Акрамя некалькіх тысяч вайскоўцаў, у ім будуць задзейнічаныя больш за 300 адзінак баявой тэхнікі.

Колькі каштуюць парады на Дзень Рэспублікі, звычайна не гаворыцца. Незалежныя экспэрты кажуць пра дзясяткі мільёнаў даляраў, прадстаўнікі Мінабароны — пра «як па 10 грамаў каўбасы кожнаму жыхару». Менчукі звычайна абураюцца гучнай падрыхтоўкай да парадаў у цэнтры гораду і разьбітымі дарогамі пасьля праезду цяжкай тэхнікі.

Дзень Незалежнасьці Беларусі адзначаўся ад 1991 году 27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Перанос даты на 3 ліпеня — гадавіну вызваленьня Менску саветамі ад войскаў нацыстаў — адбыўся ў выніку рэфэрэндуму 1996 году (празь яго ж былі пашыраныя паўнамоцтвы Лукашэнкі — Беларусь ператварылася з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку, да рэфэрэндуму і ў час яго адзначаліся шматлікія парушэньні).

Незалежная грамадзкасьць адзначае як гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Дзень Волі 25 сакавіка — у дзень прыняцьця ў 1918 годзе Трэцяй Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG