Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Фантамас. Чалавек у масцы францускага міністра скраў 80 мільёнаў эўра

Кадр зь фільма «Фантамас», ілюстрацыйная выява
Кадр зь фільма «Фантамас», ілюстрацыйная выява

З дапамогай сыліконавай маскі міністра абароны Францыі група злачынцаў за два гады скрала каля 80 млн эўра, расказвае BBC.

У ліку ахвяраў аказаўся мусульманскі імам прынц Карым Ага-хан і ўладальнік віннага бізнэсу «Шато Марго» Ґі Пэтрус Ліньняк, а каля паловы з 80 млн пералічыў неназваны турэцкі бізнэсовец. Іх прымусілі паверыць, што зь імі на відэасувязь выйшаў міністар абароны Жан-Іў Лё Дрыян.

Паверылі ня ўсе — у тым ліку падман выкрыў прэзыдэнт Сэнэгалу, які быў знаёмы з сапраўдным міністрам. Але зь некаторымі спрацавала.

Спачатку з ахвярай зьвязваўся нібыта «памочнік міністра», арганізоўваў размову зь «міністрам». Затым чалавек у сыліконавай масцы міністра казаў па відэасувязі праз Skype, што дзяржаве патрэбна фінансавая дапамога на выкуп журналістаў, якіх узялі ў закладнікі на Блізкім Усходзе. Францыя не выплочвае выкупы тэрарыстам, таму грошы прасілі пералічыць на рахунак у Кітаі, каб гэта не адсачылі.

Зь якой прычыны выбралі Лё Дрыяна, невядома. Але магчыма, таму, што ён быў ня самым вядомым палітыкам (да міністэрскага крэсла займаў пасаду старшыні рэгіянальнай рады правінцыі Брэтань), а таксама адказваў за сытуацыі, зьвязаныя з патрабаваньнямі выкупу.

Чалавека ў масцы маглі пераблытаць з сапраўдным міністрам таксама таму, што актор быў далёка ад камэры і пры кепскім асьвятленьні, размова была кароткай, а якасьць карцінкі наўмысна рабілася не найлепшай.

Галоўны падазраваны ў махлярстве — франка-ізраільскі махляр Жыльбэр Шыклі, які цяпер экстрадаваны з Украіны (куды прыяжджаў купіць маску і дзе быў затрыманы на запатрабаваньне Францыі) і знаходзіцца ў турме ў Парыжы. У кіеўскай турме, сьцьвярджае BBC, махляр плаціў ахоўнікам за тое, каб яму даставілі лядоўню са стэйкамі і гарэлкай. У 2015 годзе яго ўжо прызналі вінаватым у прысабечваньні грошай францускіх карпарацыяў пад выглядам іхнага кіраўніка, але тады злачынца быў у Ізраілі, які не экстрадуе сваіх грамадзянаў.

Але ён не адзіны падазраваны: калі Шыклі ўжо быў за кратамі, тэлефанаваньні ад фальшывага міністра аднавіліся. У лютым бягучага году ў Тэль-Авіве затрымалі яшчэ трох грамадзянаў Францыі і Ізраілю – пасьля гэтага «Фантамас» зьнік.

***

Фантамас — пэрсанаж францускіх раманаў, коміксаў і фільмаў. Створаны ў 1911 годзе як геніяльны злачынца, які хавае свой твар. У Беларусі найбольш вядомы з камэдыйнай трылёгіі (1964, 1965, 1967) фільмаў рэжысэра Андрэ Юнэбэля. У іх камісар Жув (Люі дэ Фінэс) процістаіць няўлоўнаму злачынцу Фантамасу (Жан Марэ), які з дапамогай масак пераймае аблічча каго заўгодна, у тым ліку самаго Жува.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG