Суд Першамайскага раёну Менску 19 чэрвеня аштрафаваў сьвятара незарэгістраванай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айца Вікенція (Віктар Кавалькоў) на 382,5 рубля за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі Чарнобыльскім шляху, паведамляе БелаПАН.
Як сказаў айцец Вікенцій, суд прызнаў яго вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі / правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). Сьвятар адзначыў, што ён атрымаў штраф за ўдзел у зборы перад шэсьцем ля Акадэміі навук у Менску.
Нядаўна айца Вікенція судзілі за малітву ў абарону Курапатаў 7-га красавіка. Суд адклалі, але не спынілі.
З 1989 году штогод 26 красавіка ў Менску праходзіць Чарнобыльскі шлях — шэсьце ў цэнтры гораду, якое завяршаецца мітынгам альбо ўскладаньнем кветак да Чарнобыльскай капліцы. Выключэньнем сталі 2011 год, калі ўлады забаранілі шэсьце, а таксама 2019-ы, калі арганізатары Чарнобыльскага шляху самі адмовіліся ад правядзеньня вулічнай акцыі з прычыны ўмоў, выстаўленых Менгарвыканкамам. Гарадзкія ўлады запатрабавалі аплаціць 5 737 рублёў за паслугі міліцыі ў ахове грамадзкага парадку.
Нягледзячы на гэта 26 красавіка ля Нацыянальнай акадэміі навук сабралася каля 30 чалавек, у тым ліку некаторыя прадстаўнікі аргкамітэту Чарнобыльскага шляху. Яны прайшлі па вуліцах Сурганава і Арлоўскай у парк Дружбы Народаў, дзе ўсклалі кветкі да помніка ахвярам Чарнобыля.
Пасьля шэсьця больш за дзясятак актывістаў і палітыкаў аштрафавалі, у тым ліку сустаршыню аргкамітэту БХД Вольгу Кавалькову, намесьніка старшыні партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука, эканаміста Сяргея Чалага, рэклямістку Юлію Ляшкевіч.