Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя зьвесткі пра катастрофу «Боінга» над Данбасам. Bellingcat назваў імёны датычных сэпаратыстаў

абноўлена

Месца катастрофы Боінгу 777

Міжнародная Сумесная сьледчая група (JIT), якая расьсьледуе катастрофу «Боінга» «Малайзійскіх авіяліній» над Данбасам, 19 чэрвеня, як чакаецца, назаве імёны першых чатырох падазраваных у датычнасьці да крушэньня лайнэра.

Тэлеканал «Настоящее Время» будзе весьці трансьляцыю прэс-канфэрэнцыі, якая пачнецца а 13:55 менскага часу.

Пра тое, што сёньня будуць названыя імёны чатырох датычных, заявіла намесьніца міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль. Яна адзначыла, што чатыром названым асобам суд у Нідэрляндах афіцыйна выставіць падазрэньні.

У афіцыйным паведамленьні сьледчай групы гаварылася, што на прэс-канфэрэнцыі будуць паведамленыя новыя зьвесткі пра расьсьледаваньне катастрофы «Боінга».

Таксама ў сераду расьсьледная група Bellingcat апублікавала новы даклад, у якім названыя новыя імёны асоб, магчыма, датычных да гібелі лайнэра. У іх ліку і адзін з тых, каго, як чакаецца, афіцыйна назавуць галяндзкія сьледчыя: Алег Пулатаў. Значная частка расьсьледаваньня прысьвечаная таксама Сяргею Дубінскаму, аб дачыненьні якога да катастрофы ў Bellingcat пісалі яшчэ 2 гады таму.

Bellingcat ужо называў і іншыя імёны людзей, якія, паводле дадзеных групы, датычныя да дастаўкі «Бука» з Расеі ва Ўкраіну і да яго перавозкі да сяла Сьнежнае. У іх ліку — дзеючы галоўны інспэктар Цэнтральнай вайсковай акругі Міністэрства абароны РФ Мікалай Фёдаравіч Ткачоў і высокапастаўлены супрацоўнік ГРУ Алег Іваньнікаў. Паводле асноўнай вэрсіі Bellingcat, «Боінг», хутчэй за ўсё, быў зьбіты ненаўмысна — сэпаратысты памылкова прынялі яго за ўкраінскі ваенна-транспартны самалёт.

Новае дасьледаваньне Bellingcat заснаванае на тэлефонных перамовах сэпаратыстаў, перахопленых Службай бясьпекі Ўкраіны ў дзень катастрофы, 17 ліпеня, а таксама ў папярэдні і наступны дні. Частка гэтых перамоваў была апублікаваная ў адкрытым доступе самой СБУ і Сумеснай сьледчай групай. Усяго Ўкраіна перадала Сумеснай сьледчай групе запісы каля 150 тысяч перахопленых званкоў. Дасьледчыкам Bellingcat атрымалася ідэнтыфікаваць практычна ўсіх неназваных дагэтуль асоб, якія адказвалі за перасоўваньне ракетнай устаноўкі «Бук» па захопленай сэпаратыстамі тэрыторыі Ўкраіны. Яны таксама здолелі растлумачыць ролю, якую адыгрывалі ў трагедыі высокапастаўленыя камандзіры сэпаратыстаў і іх куратары з ГРУ — Сяргей Дубінскі, Ігар Стралкоў, Ігар Безьлер, Аляксандр Хадакоўскі і іншыя.

«Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты 17 ліпеня 2014 году ў небе над Данбасам. Яго абломкі ўпалі недалёка ад вёскі Грабава на тэрыторыі, якую кантралявалі прарасейскія сэпаратысты. Загінулі ўсе 298 чалавек на борце, больш як дзьвесьце былі грамадзянамі Нідэрляндаў.

У траўні 2018 году Міжнародная сьледчая група JIT пацьвердзіла дачыненьне 53-й курскай зэнітна-ракетнай брыгады да катастрофы з «Боінгам».

Пазьней Нідэрлянды і Аўстралія афіцыйна абвінавацілі Расею ў датычнасьці да крушэньня малайзійскага «Боінга». Заяву пра гэта зрабіў МЗС Нідэрляндаў.

Міністэрства абароны Расеі ў верасьні 2018 году заявіла, што ракета, якой улетку 2014 году быў зьбіты «Боінг», была пастаўленая не ў расейскую брыгаду ў Курску, а ў вайсковую частку 20152, зэнітна-ракетную брыгаду, дысьлякаваную ў Цярнопальскай вобласьці Ўкраіны.

У сваю чаргу, СБУ абвясьціла ў вышук афіцэра Галоўнага выведнага ўпраўленьня Расеі Алега Іваньнікава. Украінскія ўлады абвінавачваюць яго па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — «стварэньне тэрарыстычнай арганізацыі, кіраўніцтва або ўдзел у ёй» і «вядзеньне агрэсіўнай вайны».

У 2018 годзе гурт Bellingcat і расейскае выданьне The Insider апублікавалі расьсьледаваньне, згодна зь якім Іваньнікаў спрычыніўся да транспартаваньня ўстаноўкі «Бук» празь мяжу Расеі на тэрыторыю Ўкраіны, якую кантралююць сэпаратысты, улетку 2014 году. Журналісты-сьледчыя называюць Іваньнікава (пазыўны «Арыён») ключавым падазраваным у справе MH17.

«Арыён» кіраваў ваеннымі дзеяньнямі, знаходзячыся на лініі фронту ў той час, як генэрал [Мікалай] Ткачоў («Дэльфін») знаходзіўся па-за зонай баявых дзеяньняў (верагодна, у Расеі). Таксама абодва абмяркоўваюць таемную перакідку ўзбраеньняў, у тым ліку з дапамогай трала", — гаворыцца ў расьсьледаваньні The Insider.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG