Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч, Антончык, Арлоў, Гарэцкі, Шушкевіч узнагароджаныя мэдалём «100 гадоў БНР». ФОТА


Месца ўзнагароджаньня сымбалічнае — кавярня па адрасе Менск, вуліца Валадарскага, дом 7. У гэтым будынку 101 год таму была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Цяпер у кавярні знаходзіцца шыльда, якую меркавалася павесіць на фасадзе.

«Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, літаратар і гісторык Уладзімер Арлоў, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргей Антончык, акадэмік Радзім Гарэцкі, былы старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, прафэсар Станіслаў Шушкевіч у дэмакратычнай незалежнай беларускай дзяржаве атрымалі б дзяржаўныя ўзнагароды», — кажуць прадстаўнікі Рады БНР.

Радзім Гарэцкі
Радзім Гарэцкі

«Так супала, што сёлета мы адзначаем і юбілей майго дзядзькі, Максіма Гарэцкага — яму споўнілася б 125 гадоў. 100 гадоў таму Максім Гарэцкі быў і на паседжаньні рады БНР у Вільні, напісаў вельмі яркі артыкул пра стварэньне БНР.

Я жадаю, каб спраўдзіліся словы Ніла Гілевіча: „І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі“», — кажа акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч беларускіх дзяржаўных узнагародаў ня мае, хоць ён ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі.

Станіслаў Шушкевіч распавёў, што ў 1995 годзе ён адмовіўся ад мэдаля Нацыянальнай акадэміі навук, бо яго не запрасілі на ўрачыстую цырымонію, пабаяўшыся нэгатыўнай рэакцыі Лукашэнкі. Затое Шушкевіч мае самую прэстыжную ўзнагароду Літвы — ордэн Вітаўта Вялікага, якім ён быў узнагароджаны ў 2010 годзе.

Сяргей Антончык атрымлівае ордэн
Сяргей Антончык атрымлівае ордэн

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргей Антончык шчыра падзякаваў Радзе БНР за ўзнагароду.

«Я ніколі не лічыў сябе героем, але рады, што і мне пашчасьціла паўдзельнічаць у лёсе гэтай краіны. Гэтая ўзнагарода дае сілы і натхненьне змагацца і надалей. Кожнаму з нас ёсьць што зрабіць для гэтай краіны», — сказаў, атрымліваючы мэдаль, спадар Антончык.

Уладзімер Арлоў, Сяргей Антончык, Радзім Гарэцкі, Станіслаў Шушкевіч
Уладзімер Арлоў, Сяргей Антончык, Радзім Гарэцкі, Станіслаў Шушкевіч

Літаратар Уладзімер Арлоў у 1991 годзе быў узнагароджаны дзяржаўным мэдалём Францішка Скарыны.

«Я хачу выказаць веру ў тое, што мэдаль да 100-годзьдзя БНР будзе прыроўнены да вышэйшых дзяржаўных узнагародаў Рэспублікі Беларусь», — кажа Ўладзімер Арлоў.

Спадар Арлоў атрымаў мэдаль «100 гадоў БНР» і для нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, якая захварэла і вельмі шкадуе, што не змагла сама прысутнічаць на ўрачыстай цырымоніі.

Мэдаль «100 гадоў БНР»
Мэдаль «100 гадоў БНР»

Мэдаль быў зацьверджаны ў дні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і «ўручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

Мэдалём у памяць 100-годзьдзя БНР узнагароджаныя больш як 180 асобаў. Уручэньне мэдалёў будзе адбывацца цягам году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG