Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гатаве пад Менскам страйкуюць рабочыя, патрабуюць выплаты заробкаў


Прамысловыя аб'екты ў Гатаве

На заводзе «Праммэханіка» у пасёлку Гатава Менскага раёну спыніліся цэхі.

Работнікі патрабуюць поўнай выплаты заробкаў, якія ад сакавіка выдаюць часткамі. Шмат каму прадпрыемства вінаватае 2-3 тысячы рублёў і нават больш, паведамляе Onliner.

Раніцай 18 чэрвеня выканаўца абавязкаў дырэктара сустрэўся з калектывам, аднак так і не сказаў, калі дакладна будуць грошы.

«Мы выйшлі на працу, але за станкі ня сталі, — расказалі рабочыя. — Раніцай дырэктар вярнуўся з пракуратуры і прыйшоў на сустрэчу з намі. Сказаў, што пакуль грошай няма і пра тое, калі расплацяцца з заводам, будзе вядома пазьней. Мы працягваем страйк. Наша ўмова: пачнём працаваць тады, калі грошы цалкам прыйдуць на карткі. Да таго часу за станкі ня станем».

18 чэрвеня на заводзе пабывалі прадстаўнікі Менскага абласнога выканкаму. Яны абяцалі, што паспрыяюць, каб Краснасельскі завод будаўнічых матэрыялаў найхутчэй разьлічыўся, і тады запазычанасьці будуць кампэнсаваныя.

Завод «Праммэханіка» вырабляе прамысловае абсталяваньне. Сярод яго партнэраў такія прадпрыемствы, як «Беларуськалій», «Мазырсоль», «Граніт», «Пінскдрэў», «Івацэвічыдрэў» і г. д. Усяго на прадпрыемстве працуе каля 100 чалавек.

Рабочыя пачалі звальняцца

Супрацоўнік адміністрацыі заводу «Праммэханіка» расказаў Свабодзе пра сытуацыю на заводзе:

«Сапраўды, страйкуюць рабочыя; зь іх пачалося, але цяпер бастуюць і іншыя супрацоўнікі, у тым ліку зь ліку інжынэраў, бо іх затрымкі з выплатай заробкаў гэтаксама тычацца».

Паводле яго, за апошнія два тыдні са 100 работнікаў заводу звольніліся каля 20%, у тым ліку і частка ІТР.

На мінулым тыдні ў Менгарвыканам з прадпрыемства адпраўлялі ліст аб праблемах з запазычанасьцю перад заводам. Заводу вінаватыя многія прадпрыемствы Беларусі.

Атрымаць камэнтар ў дырэктара заводу Рамана Семянені пакуль не ўдалося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG