Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не чапайце магілы!» Жыхары вёскі пратэстуюць супраць будоўлі на месцы брацкага пахаваньня

абноўлена

Жыхары вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёну сабралі каля тысячы подпісаў пад зваротам у інстанцыі. Яны супраць дазволу ўладаў пабудаваць аптэку на месцы брацкага пахаваньня чырвонаармейцаў. Супраць паўстала ўся вёска.

Вырашыць канфлікт на месцы прыехала раённае кіраўніцтва. У Доме культуры сабраліся мясцовыя жыхары. Яны даводзілі чыноўнікам: так рабіць нельга.

«Помнік чырвонаармейцам — сэрца вёскі», — казалі адны. «Гэта наша сьвятыня», — падтрымалі аднавяскоўцы. Жанчыны, якія былі сьведкамі пахаваньня тут у гады Другой сусьветнай вайны забітых чырвонаармейцаў, плакалі. Паводле афіцыйных дадзеных, у брацкай магіле пахаваныя каля 600 палеглых у баях за Гомель чырвонаармейцаў. Гэта толькі тыя, чые імёны і прозьвішчы вядомыя.

«Іх там значна больш! Я добра памятаю, як на гэтым месцы рылі траншэі, аббівалі дошкамі, і са ўсёй ваколіцы везьлі сюды хаваць — тысячы нашых салдат», — даводзіць раённаму кіраўніцтву пэнсіянэрка Ганна.

Яе аднавяскоўцы кажуць: салдатаў не хавалі проста пад помнікам. Уся тэрыторыя каля мэмарыялу — месца спачыну загінулых герояў вайны.

Галоўныя пытаньні вяскоўцаў да райвыканкаму:

— Хто дазволіў будаваць аптэку на месцы брацкага пахаваньня?

— Чаму не спыталіся ў мясцовых?

— Хто сфармаваў зямельны ўчастак на продаж на месцы брацкай магілы?

— Помнік — гісторыка-культурная каштоўнасьць. Чаму парушаюцца ахоўныя межы?

— Ці ёсьць сумленьне ва ўлады, каб дазваляць будаваць на брацкіх магілах?

— Хто вінаваты ў парушэньні закону?

— Якая памяць пра герояў вайны застанецца моладзі?

«У помніка няма ахоўных межаў»

На ўсе пытаньні мелася адказваць старшыня Гомельскага райвыканкаму Алена Алексіна.

Старшыня Гомельскага райвыканкаму Алена Алексіна.
Старшыня Гомельскага райвыканкаму Алена Алексіна.

Яна патлумачыла: зямельны ўчастак пад будаўніцтва быў вызначаны і рэалізаваны праз аўкцыён на права яго арэнды паводле заканадаўства. Паводле Алексінай, аўкцыён праводзіўся адкрыта, былі абвесткі ў СМІ, але ніякіх заўваг і прапаноў ад мясцовых не паступала.

Аказалася, што пры выдзяленьні ўчастку ўлады ці ня ведалі, ці забыліся, што помнік зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Гэта значыць, мае ахоўныя межы, дзе нельга будаваць.

«Гэта наша памылка, мы яе прызнаём, бо не ўлічылі разьмяшчэньне аб’екта гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Гэтую памылку мы выправім згодна з заканадаўствам», — сказала Алена Алексіна. Разам з тым, паводле кіраўніцы выканкаму, ахоўныя межы помніку ня вызначаныя. «Таму немагчыма вызначыць, ці ўвайшоў зямельны ўчастак у межы ахоўнай зоны, ці парушае гэтыя межы», — дадала чыноўніца.

«Не чапайце магілы, ня лезьце туды!»

Райвыканкам вырашыў запрасіць пошукавы батальён для раскопак брацкай магілы. На гэтых словах вяскоўцы закрычалі: «Не чапайце магілы! Ня лезьце туды!». Алена Алексіна дадала, што пошукавы батальён адмовіўся праводзіць раскопкі — бо помнік і брацкая магіла зарэгістраваныя, маюць свой статус. Але пошукавы батальён «выдзеліць для раскопак свайго спэцыяліста — археоляга», — сказала старшыня райвыканкаму.

Паводле яе, цяпер ёсьць два шляхі вырашэньня праблемы: ці на месцы брацкага пахаваньня будуць раскопкі — каб вызначыць ахоўныя межы, ці райвыканкам сваім рашэньнем установіць межы. Потым будзе вырашацца пытаньне — будаваць тут аптэку ці не.

Выказацца па тэме хацелі многія вяскоўцы. Летась яны да 75-й гадавіны вызваленьня Гомлю высадзілі каля помніка Алею памяці. Маладыя дрэўцы, якія набылі за свае грошы. Цяпер за помнікам выкарчавалі 24 зь іх. «Хто даў дазвол вырваць дрэўцы, якія мы пасадзілі ў памяць герояў?», — спыталіся вяскоўцы.

«Вы зрабілі добрую справу. Але спачатку трэба было ўлічыць, што гэты ўчастак на аўкцыёне і прададзена права яго арэнды, у вызначаным парадку. І ваша рашэньне пасадзіць там дрэвы было неправамоцным», — заявіла Алена Алесіна.

«А вам хто даў права праводзіць аўкцыён па гэтым ўчастку? Хто вам даў права забіраць нашу зямлю — там, дзе помнік, там, дзе возера і водаахоўная зона?», — спытаўся мясцовы жыхар Андрэй Уладзімеравіч.

У залі крычалі на ўсе галасы. «Я вас заклікаю да парадку і цярпеньня», — папрасіла старшыня выканкаму.

«Як так можа быць? Колькі гадоў стаіць помнік — і няма ахоўных межаў? Ня можа такое быць!», — зьдзіўляліся людзі.

«Выходзіць, нашы людзі ляжаць там не па законе?»

Слова ўзяла дэпутатка сельскага Савету Лідзія Махава. Яна вырашыла зьвярнуцца да ўладаў ад імя загінулых салдатаў і напісала з гэтай нагоды верш.

«Обращаемся к вам, мы, павшие -

Пожалуйста, ослабьте свои амбиции и страсти

С вами говорят души воинов, за Родину жизнь отдавшие

Мы, конечно, не можем сегодня, как эту землю, себя защитить

Но мы обращаемся к вам, правящие — не пытайтесь наш прах осквернить»

Пры чытаньні гэтых радкоў уся перапоўненая заля паднялася са сваіх месцаў. Пасьля дэклямацыі людзі гучна заапладавалі. Некаторыя пэнсіянэркі плакалі.

Кіраўніца вэртыкалі падзякавала за верш.

«Улада сёньня стаіць на тым, каб прывесьці ў парадак гэтае пытаньне, вырашыць яго, таму, паважаныя жыхары, ня варта плакаць, ня варта лічыць, што сёньня ўлада прыехала да вас для таго, каб сказаць "Не". Улада сёньня накіравана на тое, каб улічыць ваша меркаваньне», — паабяцала Алена Алексіна. Яна зноў нагадала пра заканадаўства.

«Дык што выходзіць — нашы людзі ляжаць не па законе?», — закрычалі з залі.

«Мне вельмі шкада, што мы сёньня так лёгка паддаёмся на пэўныя настроі», — адрэагавала Алена Алексіна.

«Крыўдна, што немцы дбаюць пра памяць, а мы не»

«Дайце нам жыць, як беларусам, на роднай зямлі! Вам павінна быць сорамна за гэта — будаваць на магілах аптэку! Забралі нашу зямлю. Там аптэка — як бяльмо на вачах. Апошняе, што ў нас засталося — ня трэба зьнішчаць», — крычалі з залі.

Людзі пыталіся ў чыноўнікаў: чаму каля помніка нават на сьвяты — 9 траўня ці 3 ліпеня не гарыць вечны агонь? Раней ён гарэў увесь час. «Вам шкада грошай? Я магу сам заплаціць за газ! Хоць на сьвяты ўключыце вечны агонь», — прапанаваў адзін вясковец.

Жыхарка вёскі Пакалюбічы Антаніна Букаціна распавяла на сходзе, што 25 гадоў таму яна была ў Нямеччыне. Там, у невялікім мястэчку, ёсьць магіла савецкіх воінаў. Немцы дбаюць пра яе. Нядаўна Антаніна Букаціна зноў была ў нямецкім мястэчку — і ўпэўнілася, што немцы дбаюць пра савецкія магілы. «Вельмі крыўдна, што немцы дбаюць пра магілы нашых салдат, а вы ў нас забіраеце памяць», — заўважыла вяскоўка.

«Мы жывем не пакуль дыхаем, а пакуль любім»

Выступіў на сходзе і мясцовы сьвятар — айцец Аляксандр. «Мне, як грамадзяніну Беларусі, не зразумела — як можна было прадаць з аўкцыёну зямлю, дакумэнтаў на якую ў вас няма. Я хачу працягнуць руку дапамогі тым людзям, якія сёньня да вас зьвяртацца. Нам трэба пачуць адзін аднаго. Мы з вамі людзі не да таго часу, пакуль мы дыхаем, а пакуль мы любім. Сёньня мы кажам пра любоў і пра памяць тых, дзякуючы каму мы жывем пад мірным небам. Нам трэба падумаць: што мы пакінем сваім дзецям — гэта залежыць ад нас. Наша зямля — гэта тое сьвятое, за што салдаты ішлі паміраць. Калі мы забудзем сваю гісторыю — мы не будзем мець сваёй будучыні», — прамовіў сьвятар. Ён заклікаў улады прыняць рашэньне «і розумам, і сэрцам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG