Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША выйшаў даклад, як Расея аслабляе Захад з дапамогай заходніх інстытутаў

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін
Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін

Масква сыстэматычна падрывае інстытуты і структуры Захаду. Гэта — выснова аўтараў дакладу «Злоўжываньне вяршэнствам закону. Як Крэмль выкарыстоўвае заходнія інстытуты, каб нанесьці шкоду Захаду», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Даклад апублікаваны няўрадавай арганізацыяй Фонд «Свабодная Расея» (Free Russia Foundation), якая мае сядзібу ў Вашынгтоне.

На думку аўтараў дакладу, ігнараваньне Захадам дзеяньняў Расеі будзе і надалей стымуляваць Маскву да такіх паводзін.

«Мэта гэтага дакладу — паказаць заходняй аўдыторыі, наколькі глыбокая, дзёрзкая і мэтанакіраваная атака Крамля на заходнія інстытуты, вяршэнства закону і дэмакратыю ў цэлым, — адзначае прэзыдэнт Фонду Натальля Арно (Natalia Arno). — Захаду важна зразумець, што пара тэрмінова наводзіць парадак у сябе дома, што крамлёўскія агенты ўплыву і іх падрыўныя практыкі — злаякасны вірус, які глыбока пранік у заходняе грамадзтва».

Адзін з аўтараў дакладу, Ільля Заслаўскі (Ilya Zaslavskiy), нагадаў пра расьсьледаваньне гішпанскага пракурора Хасэ Грынды аб адмываньні грошай расейскай мафіяй. Гішпанскія ўлады ня толькі не змаглі атрымаць ад расейскага боку адэкватную дапамогу, але і сутыкнуліся зь перашкодамі. Грынду ня раз пагражалі, супраць яго разгарнулі паклёпніцкую кампанію. У выніку гішпанскі суд апраўдаў абвінавачаных, прычым пры вынясеньні вэрдыкту судзьдзя шмат у чым грунтаваўся на дакумэнтах, прадстаўленых расейскім бокам.

«З пункту гледжаньня заходняй дэмакратыі справа расейскай мафіі ў Гішпаніі, напэўна, адна з самых важных, — кажа Заслаўскі. — Расейская праваахоўная сыстэма падыгрывае мафіі, якая мае сувязі на самым версе».

У дакладзе таксама распавядаецца, як Расфінманіторынг — Фэдэральная служба па фінансавым маніторынгу РФ — злоўжывала сваімі паўнамоцтвамі: яна запытвала ў амэрыканскіх фінансавых рэгулятараў зьвесткі пра расейскіх апазыцыянэраў, якія пражываюць у ЗША і ня маюць ніякага дачыненьня да тэрарызму. Палітычны ўплыў

У дакладзе апісваюцца выпадкі, калі заходнія палітыкі выступалі ў падтрымку Масквы, нават калі гэта супярэчыла інтарэсам іхніх дзяржаў. Так, паводле аўтараў дакладу, рэгулярна рабіў прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман. Аўтары дасьледаваньня прыводзяць прыклады ціску Расеі на ўлады Францыі і Бэльгіі, што дазволіла Маскве абараніцца ад пазоваў пацярпелых акцыянэраў кампаніі ЮКОС.

«Шмат у якіх краінах дзеяньні Расеі маюць на мэце ня толькі аказаньне стратэгічнага палітычнага ўплыву, як, напрыклад, умяшаньне ў выбары ў ЗША і ў эўрапейскіх краінах, але і аказаньне ўплыву на пэўныя рашэньні. Я думаю, што шмат для якіх эўрапейскіх краін расейскі ўплыў — адна з галоўных пагроз нацыянальнай бясьпецы», — адзначае адзін з аўтараў дакладу Якуб Янда (Jakub Janda), дырэктар праграмы Kremlin Watch пры чэскім аналітычным цэнтры «Эўрапейскія каштоўнасьці» (European Values).

Па словах Янды, ягоны аналітычны цэнтар адзначае ўзмацненьне ў эўрапейскіх краінах апэрацый уплыву, якія праводзяцца Расеяй, і мабілізацыю «давераных расейскіх асоб» пасьля пачатку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

«Я б сказаў, што мы ўжываем прыблізна 30 адсоткаў захадаў супрацьдзеяньня, замест таго каб выкарыстоўваць іх у поўную сілу», — лічыць Янда.

«Расейскі ўплыў працягвае расьці, таму што мы на Захадзе дазваляем яму расьці, — адзначае і Дэвід Крэмэр (David Kramer), навуковы супрацоўнік Міжнароднага ўнівэрсытэту штату Флорыда і старшыня праўленьня Фонду «Свабодная Расея».

«Рэжым Пуціна сёньня ўяўляе сабой сур’ёзную пагрозу ва ўсім сьвеце ня толькі ў пляне карупцыйнага ўплыву, распаўсюджваньня дэзынфармацыі і адмываньня грошай, але і ў ваенным пляне», — дадае Крэмэр.

На думку Крэмэра, заходнія палітыкі павінны прызнаць гэтую праблему, працягваць нарошчваць санкцыі супраць Крамля, падтрымліваць дэмакратычныя рухі як у Расеі, так і ў іншых постсавецкіх краінах, і быць «больш рашучымі ў супрацьдзеяньні расейскай пагрозе».

На прэзэнтацыі дакладу, якая прайшла 13 чэрвеня ў Кангрэсе ЗША, прысутнічалі сэнатар-дэмакрат Шэлдан Ўайтгаўс, а таксама кангрэсмэны — рэспубліканец Адам Кінзінгер і дэмакрат Біл Кітынг. Заканадаўцы казалі пра неабходнасьць супрацьстаяньня імпарту карупцыйных практык заходнімі кампаніямі, пра важнасьць захаваньня саюзу ЗША і Эўропы, а таксама пра тое, што варта адрозьніваць рэжым, які кіруе Расеяй, і простых расейцаў.

XS
SM
MD
LG