Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве адбыўся ўзгоднены мітынг, які арганізатар ранейшых пратэстаў назваў «фэйкам»


У цэнтры Масквы прайшоў ўзгоднены мітынг «За закон і справядлівасьць для ўсіх». Мерапрыемства ўзгаднялася як акцыя ў падтрымку журналіста выданьня «Медуза» Івана Галунова, аднак пазьней асноўны лёзунг быў зьменены.

Паводле маскоўскай паліцыі, на акцыю прыйшло каля 1600 чалавек. Аднак па сьведчаньні карэспандэнта «Медузы», на мітынгу прысутнічалі да 600 чалавек, а па ацэнцы карэспандэнта тэлеканалу «Дождь» — каля 300 чалавек.

Мітынг быў узгоднены 11 чэрвеня, у дзень, калі Міністэрства ўнутраных спраў Расеі абвясьціла аб спыненьні крымінальнай справы ў дачыненьні да Галунова. Ініцыятар пікетаў і адзін з арганізатараў шэсьця ў падтрымку Галунова, журналіст Ільля Азар, заяўляў, што адзін з арганізатараў мітынгу прапаноўваў яму правесьці гэтае мерапрыемства замест дэманстрацыі ў Дзень Расеі 12 чэрвеня, разагнанай супрацоўнікамі паліцыі і Расгвардыі.

Азар заклікаў не прыходзіць на ўзгодненае мерапрыемства, назваўшы яго «фэйкам», «падставай», «перахопам павесткі» і «імітацыяй адказу» на народнае абурэньне.

У сераду, 12 чэрвеня, у Маскве і іншых гарадах Расеі прайшлі несанкцыянаваныя акцыі пратэсту ў падтрымку Івана Галунова. Па выніках маршу ў Маскве былі затрыманыя больш за 500 чалавек.

13 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даручыў звольніць двух генэралаў паліцыі ў сувязі са справай журналіста «Медузы» Івана Галунова. Звольненыя начальнік упраўленьня МУС па Заходняй адміністратыўнай акрузе Масквы Андрэй Пучкоў і начальнік Упраўленьня па кантролі за абаротам наркотыкаў Галоўнага ўпраўленьня МУС па Маскве Юрый Дзявяткін. Раней міністар унутраных справаў Уладзімір Калакольцаў хадайнічаў перад Уладзімерам Пуціным аб вызваленьні іх з пасадаў.

Івана Галунова вінавацілі ў замаху на збыт наркотыкаў. Ён быў затрыманы ў Маскве 6 чэрвеня. Паліцыя сьцьвярджала, што ў журналіста пры сабе і дома былі выяўленыя наркатычныя рэчывы. Галуноў настойваў, што наркотыкі яму падкінулі. Яго адвакаты казалі пра шматлікія парушэньні пры затрыманьні і пасьля яго.

Галуноў выйшаў на волю ўвечары ў аўторак, 11 чэрвеня. Каля будынка Галоўнага сьледчага ўпраўленьня МУС па Маскве яго чакалі дзясяткі людзей. Раней у гэты дзень была спыненая крымінальная справа ў дачыненьні да яго. 15 чэрвеня яго дапыталі як сьведку па справе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG