Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ўсклалі адказнасьць за катастрофу ў Шарамецьцеве на экіпаж


Пажар у Шарамецьцеве
Пажар у Шарамецьцеве

Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт (МАК) апублікаваў папярэднюю справаздачу аб катастрофе Sukhoi Superjet 100 у маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева ў пачатку траўня. Паводле дакумэнта, прычынай катастрофы маглі стаць дзеяньні экіпажу. Зробленая ім грубая пасадка прывяла да нагрузак, якія канструкцыі самалёта не маглі вытрымаць.

З дакумэнта вынікае, што на лайнэры, які пацярпеў крушэньне, былі выяўленыя пашкоджаньні, характэрныя для сьлядоў ад узьдзеяньня маланкі. Пасьля ўдару маланкі аўтапілёт адключыўся і сыстэмы самалёта перайшлі на ручное кіраваньне.

Нягледзячы на праблемы з сувязьзю і страту аўтаматычнага кіраваньня, камандзір экіпажа ацэньваў сытуацыю як штатную, гаворыцца ў дакумэнце. Пілёт адмовіўся ад дапамогі наземных службаў і павёў самалёт на пасадку. Яна была зьдзейсьненая з перавышэньнем нагрузак, дапушчальных для лайнэра.

Прызямленьне на пярэднюю апору шасі зь вялікай вэртыкальнай хуткасьцю, а таксама адхіленьне ручкі кіраваньня цалкам «на сябе» непасрэдна перад прызямленьнем, прывяло да прызямленьня самалёта з перагрузкай ня менш як 5,85 g, — гаворыцца ў справаздачы. Самалёт пры гэтым разьлічаны на перагрузку 3,75 g. У выніку некалькіх прызямленьняў са значнай вэртыкальнай перагрузкай і наступнага пажару самалёт атрымаў пашкоджаньні, — адзначаецца ў дакумэнце.

У катастрофе загінуў 41 чалавек з 78, якія знаходзіліся на борце.

У канцы траўня аб магчымых прычынах катастрофы ўжо выказваўся вядучы экспэрт МАК Уладзімір Кофман. Падчас сустрэчы з журналістамі ў кулюарах форуму «Бясьпека на транспарце», ён заявіў: «Але там усё ўжо вядома: катастрофа адбылася з прычыны грубага прызямленьня» (цытата па ТАСС).

Тады яго заява была раскрытыкаваная «Аэрафлётам». У авіякампаніі заявілі, што любыя высновы да заканчэньня расьсьледаваньня катастрофы недапушчальныя і назвалі словы Кофмана «недапушчальнай спробай маніпуляцыі грамадзкай думкай».

Усяго ў апублікаваным дакумэнце 104 старонкі, там прыводзяцца зьвесткі аб стане самалёта, пра членаў экіпажу, пра ўсе абставіны, якія папярэднічалі катастрофе і аб выніках завершаных да гэтага моманту дасьледаваньняў. У дакумэнце адзначаецца, што публікацыя дакумэнту не азначае заканчэньня расьсьледаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG