Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Страхавыя кампаніі ў Ізраілі адмаўляюцца страхаваць былых «ліквідатараў», бо тыя ў «групе рызыкі»


Ліквідатары на Чарнобыльскай АЭС
Ліквідатары на Чарнобыльскай АЭС

Каля 1500 ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якія пражываюць у Ізраілі, не атрымліваюць належную сацыяльную і мэдычную дапамогу, піша The Times of Israel.

У 2001 годзе ў Ізраілі быў прыняты закон аб статусе ліквідатараў. Закон вызначае іх права на дзяржаўнае жытло, грашовую дапамогу і лячэньне ў спэцыяльнай мэдычнай установе, якая дагэтуль не была створаная. Паводле выданьня, ад моманту прыняцьця закону дзяржава не выконвала яго і ня вылучала сродкаў на яго рэалізацыю.

10 студзеня 2018 ў ізраільскім Кнэсэце прайшло пасяджэньне камісіі, на якім абмяркоўвалася становішча ліквідатараў, што жывуць у Ізраілі. Ім выплачваюць 5700 шэкеляў на год (каля 1.5 тыс даляраў). Астатнія часткі закону, як адзначылі ў арганізацыі, якая займаецца прававой дапамогай жыхарам і грамадзянам краіны, не выконваюцца.

Міністар аховы здароўя Яакаў Ліцман выказаўся, што ліквідатары чарнобыльскай катастрофы цярпяць ад таго, што «большасьць зь іх — курцы, і рак у іхным выпадку зьяўляецца сьледзтвам гэтага», сьцьвярджае журналіст The Times of Israel. Пры гэтым страхавыя кампаніі адмаўляюцца страхаваць жыцьцё ліквідатараў з прычыны знаходжаньня ў «групе рызыкі», якая прадугледжвае высокі ўзровень захворваньня пасьля працы з атамным рэактарам.

Каля 5000 ліквідатараў рэпатрыяваліся ў Ізраіль на пачатку 1990-х гадоў, у жывых засталося менш як 1500.

26 красавіка 1986 блізу гораду Прыпяць ва Ўкраіне ў выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС было забруджана радыяцыяй больш за 200 тысяч квадратных кілямэтраў. Аварыя лічыцца найбуйнейшай за ўсю гісторыю атамнай энэргетыкі.

Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 30-кілямэтровую зону вакол АЭС пачалі прыбываць спэцыялісты для правядзеньня работ на аварыйным блёку і вакол яго. Гэтых людзей пазьней сталі называць «ліквідатарамі». Яны працавалі ў небясьпечнай зоне пазьменна. Агульная колькасьць ліквідатараў за ўсе гады працы склала каля 600 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG