Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына набыла ў Расеі ўстаноўкі С-400, нягледзячы на пратэст ЗША


Расейскія зэнітныя ракетныя комплексы С-400
Расейскія зэнітныя ракетныя комплексы С-400

Турэччына ўжо набыла расейскія зэнітныя ракетныя комплексы С-400 і спадзяецца, што яны будуць дастаўленыя ў ліпені, паведамляе «Голас Амэрыкі». Турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган паведаміў пра гэта 12 чэрвеня.

Гэтая навіна можа моцна абвастрыць стасункі Анкары з Вашынгтонам. ЗША на працягу некалькіх месяцаў спрабавалі пераканаць Турэччыну ў тым, што купля С-400, несумяшчальных з сыстэмамі, якія стаяць на ўзбраеньні краін NATO, ёсьць неасьцярожным крокам.

«Турэччына ўжо набыла абарончыя сыстэмы С-400. Зьдзелка адбылася. Спадзяюся, што гэтыя сыстэмы будуць дастаўленыя ў нашу краіну ў наступным месяцы», — заявіў сёньня Эрдаган.

В.а. міністра абароны ЗША Патрык Шэнахан на мінулым тыдні папярэдзіў, што Злучаныя Штаты выключаць Турэччыну з праграмы ў вытворчасьці зьнішчальнікаў F-35 у выпадку, калі Анкара не адмовіцца ад куплі расейскіх сыстэм ракетнай абароны. У Турцыі гэтую заяву раскрытыкавалі, заявіўшы, што яна не адпавядае духу NATO. Міністар абароны Хулусі Акар паведаміў, што адказ на ліст Шэнахана будзе гатовы неўзабаве.

У ЗША кажуць, што набыцьцё Турэччынай расейскіх сыстэм ставіць пад пагрозу зьнішчальнікі-бамбавікі F-35, якія вырабляюцца амэрыканскай кампаніяй Lockheed Martin. Вашынгтон папярэдзіў аб магчымых санкцыях у выпадку, калі Анкара ўсё ж такі заключыць угоду з Масквой.

Выступаючы на сустрэчы з удзелам кіраўніцтва кіроўнай «Партыі справядлівасьці і разьвіцьця», Эрдаган папярэдзіў, што Турэччына запатрабуе тлумачэньняў, калі яе выключаць з праграмы F-35 «зь неабгрунтаваных або незаконных прычын». Ён падкрэсьліў, што Турэччына таксама ўдзельнічае ў вытворчасьці амэрыканскіх зьнішчальнікаў.

Анкара неаднаразова прапаноўвала стварыць сумесную рабочую групу для ацэнкі наступстваў узаемадзеяньня С-400 з абароннымі сыстэмамі NATO, аднак у Вашынгтоне з гэтай ідэяй так і не пагадзіліся.

Рэджэп Эрдаган дадаў, што ён ён хацеў бы абмеркаваць гэтае пытаньне з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам праз тэлефон. У канцы чэрвеня Эрдаган і Трамп павінны сустрэцца ў Японіі падчас саміту лідэраў G20. У Расеі ў аўторак таксама паведамілі, што пастаўка С-400 Турэччыне заплянавана на сёлетні ліпень.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG