Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошай на беларуска-расейскі дзіцячы слоўнік сабралі ў паўтара раза больш, чым плянавалі


Так будзе выглядаць беларуска-расейскі дзіцячы слоўнік
Так будзе выглядаць беларуска-расейскі дзіцячы слоўнік

Каб беларуская мова стала для дзяцей роднай: слоўнік, размалёўка і налепкі.

На плятформе ulej.by завяршаецца збор сродкаў на выданьне слоўнічка-маляванкі, які дапаможа падрыхтавацца да школы першаклясьнікам.

За пяць дзён да канца кампаніі сабрана 150% ад неабходнай сумы — звыш 5200 рублёў замест заяўных 3500.

Да зьяўленьня слоўнічка спрычынілася гісторыя Вольгі Завізіённай і яе дачкі Сашы. Сям’я старанна рыхтаваліся да пачатку школьнага навучаньня, таму ў першай клясе большая частка прадметаў праблемаў ня выклікала. Акрамя беларускай мовы. Дзяржаўнай палітыка русыфікацыі давяла да таго, што сучасныя дзеці ўспрымаюць родную мову быццам замежную.

Так зьявілася ідэя стварэньня слоўніка-размалёўкі — такога, які быў бы цікавы 6-гадоваму дзіцяці. У ім можна ня толькі адшукаць патрэбныя словы, але і расфарбаваць карцінкі.

«Гэта кніга, якая робіць беларускую мову сябрам, — кажа мама Вольга. — Яна дапаможа падрыхтавацца да школы, а таксама пасьпяхова справіцца з праграмай 1-й клясы: ня трэба шукаць лексыку па розных літарах у звычайным „дарослым“ слоўніку, ня трэба праводзіць вечары ў кампаніі google translate. Дастаткова адкрыць патрэбную старонку слоўнічка».

Мовазнаўца, аўтар праграмаў для дашкольнага выхаваньня Вінцук Вячорка зазначае:

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

«Штучна створана сытуацыя, калі ад беларускае мовы многія гарадзкія дзеці ізаляваныя. Таму хоцькі-няхоцькі мусім выкарыстоўваць пэўныя мэтадычныя прыёмы, уласьцівыя вывучэньню замежных моваў: прыкладам, падбіраць тэматычныя групы словаў для папаўненьня, а то і стварэньня наноў, лексычнага запасу. Таму кнігі такога кшталту мэтадычна дарэчныя, патрэбныя, варта вітаць ініцыятывы, калі бацькі бяруць на сябе адказнасьць за вяртаньне беларускае мовы сваім дзецям, не чакаючы дзяржавы. Зазначу, праўда, што трэба пільна вычытваць разьлічаныя на малых кніжкі: удакладняць націскі (садавінá), памятаць, што расейская мова беларусаў недасканалая (напрыклад, сьцірка — гэта беларускае слова, сынонім гумкі, а не расейскае). Але гэта дробязі».

  • Слоўнічак будзе надрукаваны на шчыльнай паперы, каб малюнкі можна было размалёўваць, не асьцерагаючыся адбіўкі на абароце;
  • Ён падзелены на тэмы адпаведна падручніку за 1-ю клясу;
  • Словы напісаныя буйным, вясёлым шрыфтам (усяго 6 слоў на старонцы);
  • Зручна насіць у партфэлі або проста браць з сабой (памер кніжкі 16×22 см);
  • Аб’ём кнігі: 70 старонак;
  • У словах прастаўлены націск.

Падрабязнасьці лотаў — тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG