Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом заклікаў Сэрбію і Косава пацьвердзіць сваю прыхільнасьць міру


Будынак Белага дому ў Вашынгтоне, ілюстрацыйнае фота
Будынак Белага дому ў Вашынгтоне, ілюстрацыйнае фота

Косава і Сэрбія павінны адмовіцца ад экстрэмісцкай рыторыкі і пацьвердзіць сваю прыхільнасьць міру, заявіў Белы дом праз 20 гадоў пасьля завяршэньня кампаніі бамбаваньняў NATO, накіраванай супраць сэрбскіх перасьледаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Трохмесячная апэрацыя NATO пачалася ў сакавіку 1999 году і працягвалася да таго часу, пакуль сэрбскі лідэр Слабадан Мілошавіч ня вывеў свае войскі з Косава, дзе яны выступалі супраць сэпаратыстаў.

Вайна за незалежнасьць у Косаве ў 1998-1999 гадах забрала жыцьці больш як 13 тысяч чалавек, у асноўным этнічных альбанцаў, і прывяла да крызісу зь бежанцамі, вымусіўшы сотні тысяч чалавек пакінуць свае дамы.

Былая сэрбская правінцыя, дзе ў асноўным пражываюць этнічныя альбанцы, была перададзена пад кіраваньне адміністрацыі ААН пасьля вываду сэрбскіх войскаў.

Косава ў аднабаковым парадку абвясьціла незалежнасьць у 2008 годзе, але Сэрбія адмаўляецца яе прызнаваць.

«Умяшаньне NATO паклала канец кампаніі этнічных чыстак, якую праводзіў рэжым Мілошавіча, у выніку якой тысячы людзей загінулі, а больш за мільён цывільных асобаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы», — гаворыцца ў заяве Белага дома.

«У знак павагі да гэтых ахвяраў Косава і Сэрбія павінны пацьвердзіць сваю прыхільнасьць мірнай і квітучай будучыні для ўсіх сваіх грамадзян. Для гэтага трэба адмовіцца ад экстрэмісцкай рыторыкі і гістарычнага рэвізіянізму», — адзначаецца далей у дакумэнце.

Працяглыя перамовы дзеля нармалізацыі адносін у апошнія месяцы прыпыніліся пасьля некалькіх дыпляматычных дэмаршаў.

Белы дом заклікаў Прыштыну і Бялград весьці дыялёг, «скіраваны на нармалізацыю адносін», а таксама «падвоіць намаганьні ў дасягненьні ўсёабдымнага пагадненьня, арыентаванага на ўзаемнае прызнаньне, і неадкладна ліквідаваць перашкоды на шляху да прагрэсу».

У ходзе паветранай кампаніі NATO баявыя самалёты нанесьлі дзясяткі ўдараў па ваенных цэлях і аб’ектах інфраструктуры, такіх як масты, чыгункі і электрычныя сеткі.

Колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва афіцыйна ня вызначана і вагаецца ад 500 (ацэнка праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch) да 2500 (дадзеныя сэрбскіх службовых асобаў).

«Адзіны шлях да лепшай будучыні ляжыць праз дыялёг паміж суседзямі, накіраваны на нармалізацыю адносін, які пракладзе шлях да таго, каб і Сэрбія, і Косава занялі паўнапраўнае месца ў эўраатлянтычнай супольнасьці», — заявіў Белы дом.

«Хоць ЗША гатовыя аказваць дапамогу на працягу гэтага працэсу, менавіта Косава і Сэрбія павінны зрабіць наступныя крокі, — адзначаецца ў заяве. — Гэтую працу нельга пакідаць будучым пакаленьням. Памяць пра тых, хто пацярпеў і памёр дваццаць гадоў таму, патрабуе, каб абедзьве краіны дзейнічалі цяпер».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG