Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучні менскай 23-й гімназіі знайшлі сябе ў падробленым сьпісе сяброў БРСМ


23-я гімназія. Архіўнае фота

У менскай гімназіі № 23 здарыўся скандал. Вучні знайшлі ведамасьць сплаты складак сяброў БРСМ. Насупраць прозьвішчаў больш як 30 чалавек, якія не ўступалі ў гэтую арганізацыю, стаяць падробленыя подпісы.

Сярод 23 вучняў 11-й клясы толькі трое былі сябрамі БРСМ. У дакумэнце — амаль усе

Лінейка ў 23-й гімназіі. Архіўнае фота
Лінейка ў 23-й гімназіі. Архіўнае фота

22 траўня пэдагог-арганізатар Сьвятлана Молакава папрасіла адну з вучаніц занесьці ў БРСМ Савецкага раёну складкі сяброў арганізацыі. Такія ведамасьці разам з грашыма падаюцца раз на паўгода. У дакумэнце былі прозьвішчы больш як 30 чалавек. Але вучні 11-й клясы, якія былі ў тым сьпісе, насамрэч не ўступалі ў БРСМ. Больш за тое, подпісы ў дакумэнце выявіліся падробленымі.

У ведамасьці было прозьвішча выпускніцы Анастасіі Быкоўскай. Як дзяўчына распавяла Свабодзе, на фатаздымку ведамасьці амаль уся 11-я кляса. Але насамрэч сярод 23 вучняў у сябрах БРСМ былі толькі тры чалавекі.

«Усе мы былі вельмі абураныя, — скзазала Анастасія. — Магчыма, нас маглі запісаць у БРСМ і раней».

Паводле яе, 23 траўня дырэктарка і завуч школы папрасілі прабачэньня ў вучняў. Яны сказалі, што ў гэтай сытуацыі вінаватая Сьвятлана Молакава, пэдагог-арганізатар, якая і папрасіла вучаніцу аднесьці ведамасьць.

Дырэктарка гімназіі: хтосьці дрэнна пажартаваў

​У камэнтары Свабодзе дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч сказала, што ў гімназіі «адбылася сытуацыя, якой не павінна было быць». Яна падкрэсьліла, што паводле закону ўступленьне ў БРСМ магчымае толькі са згоды бацькоў.

«Адміністрацыя пра гэта ня ведала. Пра тыя сьпісы я даведалася ад клясных кіраўнікоў і ад бацькоў, якія пачалі тэлефанаваць», — сказала Ірына Пасюкевіч.

Дырэктарка паведаміла, што будзе праводзіцца расьсьледаваньне. На момант размовы (24 траўня. — РС) яна ня ведала, хто і калі мог падрабіць ведамасьць. Гэтую сытуацыю яна назвала дрэнным жартам.

«Паверце мне, калі б пэдагог-арганізатар сама нешта падрабіла, яна не давала б гэтага дзецям, каб яны гэта бачылі. Як такое магчыма? Я думаю, хтосьці з маіх пэдагогаў не зусім добра пажартаваў», — сказала Ірына Пасюкевіч.

У той жа час вучням абвесьцілі, што менавіта Сьвятлану Молакаву звольнілі за парушэньне працоўнага заканадаўства. Атрымаць камэнтар у самой Молакавай пакуль не ўдалося.

БРСМ Савецкага раёну: мы не прынялі ведамасьць, бо яна несапраўдная

Ірына Пасюкевіч таксама дадала, што ў БРСМ Савецкага раёну ведамасьць не прынялі, бо «сьпісы не адпавядаюць рэальнасьці».

«Там фактычна ёсьць прозьвішчы дзяцей, якія ў нас ня вучацца. Запоўненая ведамасьць абы-як», — сказала дырэктарка.

Гэта пацьвердзілі ў раённым БРСМ. Як паведамілі Свабодзе праз тэлефон, ведамасьць з гімназіі не супала са сьпісамі сяброў БРСМ, якія былі раней у раённай арганізацыі БРСМ.

«Ведамасьць мы не прынялі ў іх, мы ім вярнулі, — сказалі ў адміністрацыі БРСМ. — У гімназіі цяпер разьбіраюцца, відаць. Складкі ў нас не прайшлі».

Аднак са словаў вучаніцы, якая адносіла ведамасьць, у Савецкім БРСМ не было пытаньняў да дакумэнту. І ведамасьць у яе прынялі. Толькі праз дзень пасьля таго, як яна аднесла ведамасьць, намесьніца дырэктаркі паведаміла вучням, што дакумэнт забяруць назад.

Бацькі: такі сьпіс мог зьявіцца ня ў першы раз

Бацькі выпускнікоў падалі ў адміністрацыю гімназіі пісьмовы зварот з нагоды выяўленай падробленай ведамасьці БРСМ. У ім гаворыцца, што бацькі не давалі згоды на ўдзел сваіх дзяцей у ГА «БРСМ» і што яны выступаюць супраць палітызацыі навучальнай установы.

Паводле Вольгі Быкоўскай, маці выпускніцы, 23-я гімназія доўга лічылася месцам, дзе не было праблемаў накшталт прымусовага запісу вучняў у піянэры ці БРСМ.

Яна лічыць, што падобныя сьпісы з падробленымі подпісамі сяброў маглі зьяўляцца і раней. Бо апублікаваная ведамасьць сьведчыць, што гэта чарговыя складкі, а не заявы на ўступленьне.

«Адбыўся збой матрыцы, — сказала Свабодзе Вольга Быкоўская, маці выпускніцы. — Практыка складаньня падобных сьпісаў магла існаваць у школе доўгі час. Проста цяпер такі сьпіс стаў вядомы грамадзкасьці».

Да канца чэрвеня адміністрацыя гімназіі мусіць даць адказ бацькам. Яны спадзяюцца, што абнародаваньне гэтага здарэньня мусіць гарантаваць, што падобных рэчаў больш ня будзе.

«Вінаватая перадусім сыстэма, дзе пэдагог-арганізатар чамусьці вымушаны здаваць ведамасьці пра грамадскую арганізацыю БРСМ, а школа, хутчэй за ўсё, павінна выконваць нейкія пляны сяброўства ў ёй», — сказала Вольга Быкоўская.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG