Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане ідуць затрыманьні ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў


У цэнтры Алматы затрымана больш за сто чалавек. Прычынаў затрыманьня паліцыянты не тлумачаць. На відэа, апублікаваных у твітэры журналістам сайта Eurasianet.org Джаанай Ліліс, бачна як паліцыянты цягнуць людзей да аўтазакаў, аднак незразумела, за што.

​Карэспандэнты Настоящего Времени ў Алматы паведамляюць, што паліцэйскія, у тым ліку байцы спэцпадразьдзяленьняў, груба затрымлівалі людзей, калі яны пачыналі крычаць «Байкот!».

Затрыманыя таксама журналісты і праваабаронцы. Так, у аддзяленьне паліцыі павезьлі карэспандэнта Радыё Азатык Пятра Трацэнку, нягледзячы на наяўнасьць у яго службовых дакумэнтаў і рэдакцыйнага заданьня. Трацэнка правёў гадзіну ў паліцыі, потым яго адпусьцілі.

Затрыманы супрацоўнік Казахстанскага бюро ў правах чалавека Дзьмітры Ціханаў. Вось фота журналіста AFP Крыса Рыклтана з аўтазака (ён піша, што прыпухласьць пад вокам — сьледзтва падзеньня, а не зьбіцьця).

Крыс Рыклтан і яго калега правялі дзьве гадзіны ў РУУС, пакуль у справу не ўмяшаўся намесьнік міністра замежных справаў Казахстану Раман Васіленка. Ён патэлефанаваў журналістам і прынёс свае прабачэньні, пасьля чаго іх адпусьцілі.

Людзей затрымліваюць таксама ў Нурсултане (Астане) і Шымкеньце.

Міжнародная група NetBlocks, якая займаецца маніторынгам свабоды інтэрнэту ў сьвеце, паведамляе, што 9 чэрвеня ў Казахстане доступ у інтэрнэт быў рэзка абмежаваны.

9 чэрвеня ў Казахстане праходзяць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары, першыя без удзелу Нурсултана Назарбаева, які сышоў у адстаўку пасьля амаль 30 гадоў нязьменнага кіраваньня. У сьпісе кандыдатаў сем чалавек, у тым ліку дзеючы прэзыдэнт, кандыдат ад партыі Назарбаева «Нур Атан» Касым-Жамарт Такаеў.

Галасаваньне праходзіць на тлее заяваў аб прадвызначаным характары кампаніі і адсутнасьці рэальнай канкурэнцыі.

Некаторыя казахстанскія апазыцыйныя аб’яднаньня байкатуюць выбары. Да байкоту заклікалі таксама грамадзянскія актывісты.

Казахстанская рэдакцыя радыё Свабода вядзе жывы блог на сваім сайце.

Былы банкір і крытык рэжыму Назарбаева Мухтар Аблязаў, які жыве за мяжой — лідэр забароненага казахстанскім судом руху «Дэмакратычны выбар Казахстану» (ДВК) — праз сацыяльныя сеткі раней заклікаў прыхільнікаў выходзіць 9-10 чэрвеня на «агульнанародны вызваленчы пратэст». У Казахстане Аблязаў прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня паводле крымінальных абвінавачаньняў, у тым ліку ў заказным забойстве, стварэньні злачыннай групы, буйных крадзяжах. Аблязаў адхіляе ўсе абвінавачаньні як палітычна матываваныя.

Генэральная пракуратура Казахстану перад выбарамі выступіла зь перасьцярогай аб адказнасьці за парушэньне правілаў правядзеньня мірных сходаў у сувязі з тым, што «у сацыяльных сетках распаўсюджваюцца заклікі да арганізацыі і ўдзелу ў несанкцыянаваных мітынгах 9 і 10 чэрвеня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG