Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забараняць поліэтыленавыя пакеты ў крамах заўчасна, — Мінгандлю


© Shutterstock

На сайце Petitions.by зьявіўся адказ на зварот аб забароне на «прымусовае выкарыстаньне поліэтыленавых пакетаў» у беларускіх крамах. Зварот падпісалі больш як 1200 карыстальнікаў.

Аўтар пэтыцыі піша, што ў Беларусі нерацыянальна ставяцца да плястыкавых пакетаў, раздаюць іх у крамах бясплатна, недзе продаж садавіны і гародніны без пакетаў проста забаронены. І плястыкавым пакетам не прапануюць альтэрнатывы — біяраскладальных пакетаў, якія ня шкодзяць навакольнаму асяродзьдзю. А плястыкавыя пакеты — большая частка адкідаў на звалках, іх не перапрацоўваюць (бо нявыгадна), са сьметнікаў іх лёгка разносіць ветрам, а ў зямлі яны раскладаюцца тысячу гадоў. Прыклады змаганьня з гэтым прыводзяць з усяго сьвету, ад Даніі да Занзыбару.

На прапановы або даваць выбар, выкарыстоўваць пакеты ці не, або ў будучыні зусім забараніць поліэтыленавыя пакеты, адказаў першы намесьнік міністра гандлю Артур Карповіч. Ён тлумачыць:

  • па цяперашніх нормах прадукт, не запакаваны вытворцам, мусіць прадавацца ў запакаваным выглядзе бяз платы за ўпакоўку (тыя самыя «прымусовыя» пакеты) дзеля «захаваньня якасьці і спажывецкіх уласьцівасьцяў тавару»;
  • браць грошы за «прымусовы» пакет забараняе закон: нельга «абумоўліваць набыцьцё тавару набыцьцём іншых тавараў», бо так парушаецца «права на свабодны выбар тавару»;
  • цана папяровых пакетаў у 2–8 разоў перавышае цану поліэтыленавых (пры меншай трываласьці і дапушчальнай нагрузцы, а таксама негермэтычнасьці), таму іх нявыгадна раздаваць бясплатна;
  • калі забараніць поліэтыленавыя пакеты, замест іх будуць ужываць папяровыя, а гэта «дасьць дадатковы штуршок для росту спажывецкіх цэнаў».

Улічваючы ўсё гэта, Карповіч сьцьвярджае, што забарона плястыкавых пакетаў у крамах «зьяўляецца заўчаснай».

Пры тым Мінгандлю год таму само «не выключала» ўвядзеньня «падатку на плястыкавыя пакеты». Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў тады раскрытыкаваў гэта як «палавіністае» рашэньне, якое не стварае спрыяльных умоваў біяраскладальным папяровым пакетам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG