Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румас разьлічвае, што да чэрвеньскай сустрэчы зь Мядзьведзевым бакі на 90% ўзгодняць пазыцыі па інтэграцыі


Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў, Масква, 24 траўня 2019
Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў, Масква, 24 траўня 2019

Падрыхтоўку праграмы дзеяньняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве абмеркавалі 4 чэрвеня ў Менску прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас і дзяржаўны сакратар «саюзнай дзяржавы» Рыгор Рапота, паведамляе прэс-служба беларускага ўраду.

Зводны дакумэнт плянуецца падрыхтаваць да 21 чэрвеня — дамоўленасьць дасягнутая па выніках праведзеных у траўні перамоваў Сяргея Румаса са старшынём ураду РФ Дзьмітрыем Мядзьведзевым. У тым ліку такую задачу ў Нур-султане ў кулюарах саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу перад кіраўнікамі ўрадаў паставілі прэзыдэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Пасьля таго як бакі знойдуць агульныя падыходы па ўсіх пытаньнях, кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся правесьці сустрэчу на найвышэйшым узроўні для «грунтоўнага і падрабязнага абмеркаваньня ўсіх расейска-беларускіх пытаньняў і далейшага сыстэмнага ўзаемадзеяньня».

«Да 21 чэрвеня мы павінны мець узгодненую абноўленую праграму дзеяньняў, — адзначыў Румас. — На 70% мы сыходзімся. Групы працуюць, я практычна штодня заслухоўваю справаздачы, як усё рухаецца. І для сябе паставіў такую задачу, каб ужо да размовы зь Дзьмітрыем Анатольевічам (Мядзьведзевым. — РС.) мы на 90% ўзгаднілі пазыцыі».

Тэму больш цеснай інтэграцыі ініцыявау у канцы 2018 году, расейскі бок. Гэта адбывалася на фоне ня вырашанай дагэтуль спрэчкі аб кампэнсацыі Беларусі наступстваў ад правядзеньня ў Расеі падатковага манэўру. У Мінску налічылі каля 15 млрд даляраў стратаў і разьлічваюць на іх пакрыцьцё. Масква ставіць прэфэрэнцыі ў залежнасьць ад ступені інтэграцыі дзяржаваў.

У сьнежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэньні рабочых групаў «для вырашэньня пытаньняў у рамках далейшай інтэграцыі дзьвюх краін».

У красавіку бакі абмяняліся прапановамі аб інтэграцыі.

24 мая ў падмаскоўных Горках адбыліся перамовы Мядзьведзева і Румаса. Перад рабочымі групамі была пастаўленая задача выразна пазначыць адрозьненьні ў пазыцыях Беларусі і Расеі па інтэграцыі.

Прэм’ер-міністры таксама дамовіліся правесьці наступную сустрэчу ў Менску падчас II Эўрапейскіх гульняў (21-30 чэрвеня). Падчас гэтых перамоваў будзе абмяркоўвацца абноўленая праграма дзеяньняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG