Паліцыя затрымала грамадзяніна Ўкраіны, капітана вялікага пасажырскага судна, зь якім увечары 29 траўня сутыкнуўся прагулачны катэр на Дунаі ў Будапэшце.
«Пасьля допыту 64-гадовы Юры, жыхар Адэсы, быў затрыманы», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце паліцыі Вугоршчыны.
Паводле папярэдніх дадзеных, мужчыну падазраюць у тым, што ён сваімі дзеяньнямі паставіў пад пагрозу водны транспарт, што ў выніку прывяло да масавай гібелі людзей.
Працягваюцца пошукі 21 чалавека з турыстычнага катэра. Усяго на ім было 35 чалавек, двое прадстаўнікоў экіпажу — вугорцаў, астатнія 33 пасажыры — грамадзяне Паўднёвай Карэі, сем чалавек выратавалі, целы яшчэ семярых знайшлі.
Катэр затануў амаль адразу пасьля сутыкненьня з пасажырскім суднам ля аднаго з мастоў праз Дунай у Будапэшце ўвечары 29 траўня. Міністэрства замежных спраў Паўднёвай Карэі паведаміла, што турысты ня мелі на сабе выратавальных камізэлек.